Фота з сайту газета.ру
Рашэнне наконт запрашэння Лукашэнкі ў Прагу яшчэ не прынятае,паведаміў 11 сакавіка ў Вільні беларускім журналістам афіцыйны прадстаўнік Германіі, які пажадаў застацца не названым.
Паводле ягоных словаў за час да пражскага саміту 7 траўня ў Беларусі могуць адбыцца негатыўныя моманты: рэцыдывы дэмакратызацыі.
Найперш тут маецца на ўвазе прызнанне ці непрызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
«Міністру замежных справаў Мартынаву было рэзка заяўлена, што ў выпадку прызнання аддзеленых ад Грузіі дзяржаў далейшае супрацоўніцтва будзе вельмі праблематычнае», — сказаў нямецкі чыноўнік.
Паводле яго, чэшскае прадстаўніцтва было за тое, каб запрасіць Лукашэнку. Аднак той жа нямецкі бок разглядае лепшым варыянтам запрашэнне ў Прагу міністра Мартынава. Лукашэнку запросяць толькі ў тым выпадку, калі сваю згоду дадуць усе 27 краін сябраў ЕС.
Чэшскае старшынство ЕС падняло пытанне, што на сустрэчу ў Прагу наўпрост запрошаны Ільхам Аліеў, але сітуацыя ў Азербайджане не нашмат лепшая за беларускую, а нават горшая.
16 сакавіка будзе разгледжанае пытанне аб часовым прыпыненні, адмене ці працягненні візавых санкцый.
Найхутчэй, што будзе прынятае рашэнне аб працягненні спынення санкцый яшчэ на паўгоду.Пакуль найбольш жорсткую пазіцыю ў дачыненні Беларусі займаюць Вялікабрытанія і Галандыя. Швецыя заклапочаная арыштам Мікалая Аўтуховіча. Да апошніх дзён у спісе краін, якія блакавалі рашэнне аб працягненні спынення санкцый, была і Польшча.
Прадстаўнік Германіі заявіў, што ўдзел Беларусі, Украіны і Малдовы ў праграме «Ўсходняга партнёрства» адкрывае перад краінамі выдатныя перспектывы сяброўства ў Еўрасаюзе. Кажучы іншымі словамі, ўдзел у праграме прадугледжвае тую ж ступень дачыненняў з ЕС, якімі цешацца Нарвегія, Ліхтэнштэйн і Ісландыя. Яны маюць тыя ж правы, як і краіны‑сябры Еўрасаюзу, апроч супрацоўніцтва ў аграрнай сферы і права голасу. «Але да самога ўступлення застаецца мінімальны крок».
Чаму пра гэта ніколі не згадваюць? Бо ў Еўропе стала нямоднай тэма далейшага пашырэння ЕС, бо нават не ўсе новыя сябры злучнасці адпавядаюць умовам. «Еўропа стамілася ад пашырэнняў, хіба што ў Польшчы і Літвы тут ёсць свае інтарэсы».