Сюжэт папулярнага польскага фільма пра Ежы Кілера паўтарыўся на Меншчыне. Праўда, гісторыя была далёка не камедыйная.

Леташнім снежнем у Сёмай управе Галоўнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю дазналіся, што што дырэктар адной з сталічных камерцыйных фірмаў шукае кілера для забойства свайго кампаньёна. Колішнія партнёры не паразумеліся ў фінансавых пытаннях супольнага бізнэсу. Ды так моцна, што адзін не знайшоў нічога лепшага як замовіць другога. За забойства ён паабяцаў заплаціць 15 тысяч даляраў ЗША.

Пад выглядам «кілера» свае паслугі прапанаваў заканспіраваны супрацоўнік управы. Ён атрымаў 500 даляраў авансу, звесткі пра свайго аб’екта і ягоную фатаграфію. Рэшту грошай замоўца меўся аддаць толькі па выкананні замовы. Аператыўнымі супрацоўнікамі была праведзеная шматхадовая камбінацыя, каб пераканаць замоўцу ў выкананні ягоных умоваў.

І вось 6 сакавіка «кілер» прызначыў свайму кліенту сустрэчу на стаянцы адной з кавярняў на трасе Менск—Койданава для канчатковага разліку. Там ён паказаў доказы фізічнай ліквідацыі аб’екта і атрымаў разлік за нібыта ўчыненае забойства. У гэты момант на гарачым арганізатара і павязалі супрацоўнікі ўправы з дужымі хлопцамі з Спэцыяльнага атрада хуткага рэагавання МУС.

Пракуратура Менскага раёна ў дачыненні да затрыманага ўсчала крымінальную справу па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку па артыкуле «Забойства». Затрыманага пасадзілі ў Ізалятар часовага ўтрымання. Вядзецца расследаванне, паведамляе guvd.gov.by.


«Kiler», 1997, выбраныя сцэны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?