Польскае Міністэрства замежных справаў абвергла інфармацыю тыднёвіка «Ўпрост», што ў сувязі са з’ездам Саюзу палякаў Беларусі польскі МЗС перадаў беларускаму боку свайго роду ультыматум.

Такая інфармацыя не паходзіла з крыніцаў у МЗС, падкрэсліваецца ў заяве.

Тэма «ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім партнёрстве», а таксама «сітуацыя вакол СПБ» застаюцца тэмай двухбаковага дыпламатычнага дыялогу, падкрэсліваецца ў заяве, але абодва бакі «імкнуцца вырашаць гэтыя пытанні ў духу кампрамісу і ўзаемнага паразумення».

Маюцца на ўвазе сустрэчы нядаўнія сустрэчы намесніка міністра замежных справаў Беларусі Варанецкага з польскімі дыпламатамі.

На мінулым тыдні тыднёвік «Упрост» апублікаваў інфармацыю пра існаванне фактычнага ультыматуму: або беларускія ўлады перастаюць шпыняць палякаў у Беларусі, або Лукашэнка не атрымае запрашэння на еўрапейскую сустрэчу ў вярхах у Празе.

Што цікава, гэтая інфармацыя ўпершыню з’явілася на малавядомым партале polskaweb.eu, што базуецца нават не ў Варшаве, а ў Пазнані. Такім чынам,

гісторыя мае выгляд мэтаскіраванай уцечкі інфармацыі з МЗС, але такой не ёсць.

Польскія ўлады сапраўды, як выглядае, хацелі б нармалізацыі становішча вакол СПБ‑Борыс. Гэта значыць, у ідэале, легалізацыі яе дзейнасці шляхам афіцыйнага прызнання. А на гэтым этапе — прынамсі бесперашкоднага правядзення з’езду. І правядзенне гэтага з’езду будзе расцэньвацца еўрапейцамі як плюс: так як плюсам лічыцца бесперашкоднае правядзенне з’езду Хрысціянскай дэмакратыі ці Асамблеі няўрадавых арганізацый. Аднак

Варшава не мае намеру ўвязваць пытанні вакол сваёй нацыянальнай меншасці з агульнымі пытаннямі збліжэння Беларусь з ЕС, адназначна далі зразумець у польскім МЗС.
Ніхто не хоча размаўляць на мове ультыматумаў.

З заявы польскага МЗС вынікае, што ўкід інфармацыі пра нібыта «ультыматум» выгадны сілам, якія б хацелі сарваць беларуска‑еўрапейскі дыялог.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?