Сяргей Скрабец са сцягам Тыбета падчас акцыі 2 красавіка 2008 г.

Сяргей Скрабец са сцягам Тыбета падчас акцыі 2 красавіка 2008 г.

Сяргей Скрабец заявіў пра свой выхад з Беларускай сацыял‑дэмакратычнай Грамады (БСДГ), якую ўзначальвае Станіслаў Шушкевіч, і стварэнне новай партыі.

«Калі людзі не знаходзяць супольнай мовы, ім лепей разысціся, — так пракаментаваў Скрабец свае дзеянні ў інтэрв’ю БелаПАН. — У мяне рознагалоссі з Шушкевічам амаль як у тургенеўскіх «Бацьках і дзецях». Са мной у партыю прыйшла група маладых. Мы хацелі больш актыўнай — я б нават сказаў экстрэмальнай — работы, але асцярожная і пасіўная пазіцыя кіраўніцтва партыі па парламенцкіх выбарах, па наступных прэзідэнцкіх выбарах, па міжнароднай працы нас не задавальняла».

Скрабец не лічыць, што яго сыход прывядзе да расколу БСДГ. «Хутчэй гэта можна назваць разводам, бо я не стаяў ля вытокаў стварэння партыі і прыйшоў у яе адносна нядаўна. Да таго ж, мы не ставім Шушкевічу падножкі, не забіраем у яго людзей. Яго паплечнікі, старая гвардыя, застануцца з ім. За мной жа пайшлі тыя, хто прыйшоў у БСДГ пад мае гарантыі», — сказаў палітык.

Ён паведаміў, што ўжо ў сакавіку плануецца правесці пасяджэнне аргкамітэта па стварэнні новай партыі,

выпрацаваць графік падрыхтоўкі ўстаноўчага з’езда і рэгістрацыйных дакументаў. Паводле слоў Скрабца, да восені новая партыя плануе сабраць неабходную для легальнай дзейнасці тысячу членаў.

«Мы не збіраемся пераманьваць людзей з іншых партый і рухаў. У нас ужо ёсць прыхільнікі, незаангажаваныя людзі, прадстаўнікі бізнесу, якія проста незадаволеныя сённяшнім становішчам рэчаў у краіне», — сказаў палітык.

Паводле яго слоў, рабочая назва партыі — Сацыял‑дэмакратычная партыя «Свабода».

Станіслаў Шушкевіч каментуе сітуацыю наступным чынам: «Мы яго не выганялі з партыі, не выключалі, калі ён сам выходзіць — ну і дзякуй богу».

Шушкевіч таксама зазначыў, што Скрабец быў выкрыты ў выкарыстанні свайго партыйнага статусу ў асабістых мэтах, у прыватнасці ў падробцы подпісаў на партыйных лістах у пасольствы еўрапейскіх краін, у якіх прасіў выдаць бясплатныя візы сабе і сваім сябрам.

«Такая практыка ў партыі, у прынцыпе, існуе. Калі ёсць прэстыжнае запрашэнне, то мы хадайнічаем перад пасольствам аб выдачы бясплатнай візы. Але Скрабец уносіў у гэтыя спісы людзей, якіх мы не ведаем і якіх ніколі не бачылі», — сцвярджае Шушкевіч.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0