Расійскі крэдыт у памеры 500 млн. даляраў ЗША 12 сакавіка паступіў у Беларусь і залічаны на рахунак Міністэрства фінансаў у Нацыянальным банку,
паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні інфармацыі галоўнага банка краіны.

Міжурадавае беларуска‑расійскае пагадненне аб прадастаўленні Беларусі дзяржаўнага крэдыту Расіі ў суме 500 млн. даляраў было падпісана 6 сакавіка 2009 года. Ад беларускага боку пагадненне падпісаў міністр фінансаў Андрэй Харкавец, ад расійскага — намеснік старшыні ўрада — міністр фінансаў Аляксей Кудрын.

Крэдыт прадастаўляецца тэрмінам на 15 гадоў, па стаўцы LIBOR плюс маржа ў памеры 3% гадавых,
з адтэрміноўкай пагашэння асноўнага доўгу на працягу пяці гадоў.

Паводле інфармацыі беларускага фінансавага ведамства, сродкі крэдыту будуць накіраваны на далейшае развіццё гандлёва‑эканамічных сувязей паміж Беларуссю і Расіяй, падтрыманне эканамічнага патэнцыялу і ўмацаванне нацыянальнай валюты краіны.

Беларусь і Расія ў 2008 годзе заключылі пагадненне, якое прадугледжвае выдзяленне Беларусі стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 2 млрд. даляраў. Першы транш крэдыту РФ у памеры 1 млрд. даляраў на аналагічных умовах паступіў у Беларусь 18 лістапада мінулага года.

Планавалася, што другі транш у памеры 1 млрд. даляраў будзе пералічаны Беларусі да канца лютага 2009 года пасля падпісання праграмы сумесных дзеянняў па развіцці эканамічнага супрацоўніцтва. У студзені прэм’ер‑міністр Уладзімір Пуцін абяцаў паскорыць выдачу другой часткі крэдыту.

У канцы лютага стала вядома, што Мінфін Расіі звярнуўся да беларускіх партнёраў з просьбай раздзяліць сродкі другой часткі крэдыту яшчэ на два траншы — па 500 млн. даляраў у лютым і сакавіку.

Вядома таксама, што акрамя стабілізацыйнага крэдыту беларускія ўлады запыталі ў Расіі крэдыт у 100 млрд. расійскіх рублёў у абмен на пераход на разлікі ў рублях ва ўзаемным гандлі.
Рашэнне па гэтым запыце пакуль не прынята.

На 1 студзеня 2009 года золатавалютныя рэзервы (ЗВР) Беларусі, разлічаныя па стандартах МВФ, складалі 3 млрд. 61 млн. даляраў. На працягу першых двух месяцаў Беларусь атрымала з‑за мяжы 1,4 млрд. даляраў (у студзені 788 млн. ад МВФ, у лютым 625 млн. ад продажу 12,5% акцый «Белтрансгазу»), якія былі накіраваны на папаўненне міжнародных рэзерваў.

Зыходзячы з гэтага аб’ём ЗВР Беларусі павінен быў вырасці прыкладна да 4,5 млрд. даляраў. Аднак, як паведамляе Нацбанк, на 1 сакавіка 2009 года рэзервы па стандартах МВФ склалі толькі 3 млрд. 327 млн. даляраў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0