Аляксандр Лукашэнка адклаў сваю сустрэчу з адным з найбольш высокапастаўленых прадстаўнікоў Еўрапейскага Саюзу, чым у чарговы раз прымусіў задумацца аб тым, у якой ступені ягоны ўрад на самой справе хоча быць незалежным ад Расеі, адзначае выданне.

Беларусь — адна з найбольш блізкіх саюзніц Масквы, аднак у апошні год гэтая краіна здзейсніла некаторы дрэйф у напрамку Захада. У кастрычніку гэты дрэйф, які ўключаў такія крокі, як вызваленне часткі палітычных зняволеных, прывёў да прыпынення палітычных санкцый, уведзеных Еўразвязам супраць большай часткі прадстаўнікоў кіруючых колаў Беларусі, у тым ліку — да адмены адмовы самому Лукашэнку ў праве ўезду ў Еўропу.

Аднак

у сераду прадстаўнікі прэзідэнта паведамілі, што ў пятніцу ў беларускай сталіцы Менску яго не будзе, хоць менавіта на гэты дзень была прызначаная сустрэча з камісарам ЕЗ па знешніх зносінах Бенітай Ферэра‑Вальднэр (Benita Ferrero‑Waldner).
Следствам гэтага стала тое, што сустрэчу адклалі — усяго за дзень да меркаванага прыезду Ферэра‑Вальднэр у Беларусь.

Адносіны Еўропы з гэтай краінай разглядаюцца некаторымі назіральнікамі як галоўная праверка здольнасці Еўропы весці палітыку «мяккай сілы», а таксама ейнай здольнасці перавабліваць на свой бок саюзнікаў Масквы. Прадстаўнікі дваццаці сямі краін, што ўваходзячць у Еўрасаюз, у цяперашні час дыскутуюць аб тым, ці запрашаць Беларусь на сустрэчу ў Празе 7 мая. На гэтай сустрэчы краінам усходняга рэгіёна будзе прадстаўленая перспектыва больш цеснага супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам — і альтэрнатыва Расеі.

У сераду Лукашэнка выляцеў у Арменію, дзе мае намер сустрэцца з прэзідэнтам Сержам Саркісянам, — лічыцца, што менавіта гэты візіт стаў прычынай адмены сустрэчы з прадстаўніком ЕЗ. Падобная паспешнасць у змене графіка дыпламатычных сустрэч выключна рэдкая, асабліва для краіны, што знаходзіцца ў адносна ізаляваным становішчы.

Часавыя межы армянскага візіту былі вызначаныя ў панядзелак — аб гэтым паведамляецца на афіцыйным вэб‑сайце кіраўніка Беларусі. Паміж тым, візіт Ферэра‑Вальднер быў прызначаны больш чым за два тыдні. Прадстаўнікі Еўракамісіі — органа выканаўчай улады Еўразвяза — лічаць, што сустрэча пройдзе ў «сярэдзіне красавіка». Ферэра‑Вальднэр стала б адным з двух еўрабюракратаў вышэйшага рангу, якія наведвалі Беларусь за апошнія дзесяць год. Акрамя яе, у Беларусь ездзіў толькі загадчык знешнепалітычнымі пытаннямі Хаўер Салана (Javier Solana).

З пункту гледжання Еўропы падобны расклад выглядае дзіўна, бо кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў краін ЕС у панядзелак могуць вырашыць, ці варта падаўжаць прыпыненне палітычных санкцый у адносінах Лукашэнкі. Нягледзячы на гэта, улады нядаўна арыштавалі ў Менску яшчэ траіх апазіцыянераў; не выключана таксама, што Беларусь усё жа паддасца ціску Масквы і прызнае незалежнасць рэспублік Паўднёвая Асеція і Абхазія, што адкалоліся ад Грузіі.

Нейкі прадстаўнік дыпламатычных колаў Еўразвяза, які пажадаў застацца невядомым, паведаміў, што Лукашэнка мог сутыкнуцца з праблемамі на ўнутрапалітычным фронце, якія вымусілі яго часова прыпыніць свой дрэйф у напрамку Еўропы. Такім чынам, калі Беларусь усё ж такі запросяць на сустрэчу 7 мая, магчыма, яна будзе прадстаўленая на ёй не прэзідэнтам, а чыноўнікам ніжэйшага рангу.

Беларусь — былая рэспубліка СССР з насельніцтвам у дзесяць мільёнаў чалавек — мае цяжкасці ў адносінах з Еўропай яшчэ з 1994 года, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады і навязаў краіне аўтарытарны рэжым, які імкнецца да Расеі, з якой Беларусь мае цесныя сувязі ў культурным і моўным плане.

Па меркаванні аналітыкаў, збліжэнне Беларусі з Еўропай усё ў большай ступені становіцца раздражняльным фактарам для Масквы.

Навуковы супрацоўнік з Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах Ніку Папеску (Nicu Popescu) лічыць, што Лукашэнка жадае дыстанцыявацца ад працэсу збліжэння з Еўропай.

«Менск здзяйсняў спробы пазбавіцца ад залежнасці ад Расеі, і не выключана, што зварот да Еўропы — гэта спроба шантажаваць Маскву пагрозай сысці на Захад, — заявіў Папеску. — Аднак мы бачым, што Беларусі нашмат цяжэй здзяйсняць нешта падобнае, чым той жа Малдове: занадта ўжо вялікая ступень інтэграцыі палітычнай, эканамічнай і ваеннай эліты і прадстаўнікоў разведкі з Масквой».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?