У студзені доля стратных прамысловых прадпрыемстваў у Беларусі складала 30,4% ад іх агульнага ліку.

Як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, па выніках студзеня 624 прамысловыя прадпрыемствы атрымалі чыстую страту на агульную суму 200,4 млрд. рублёў, што ў 5,6 раза больш, чым у студзені 2008 года.

Найбольшыя сумы чыстай страты ў прадпрыемстваў харчовай прамысловасці (75,2 млрд. рублёў), машынабудавання і металаапрацоўкі (33,6 млрд. рублёў), хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці (24 млрд. рублёў), лёгкай прамысловасці (23,5 млрд. рублёў), лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна‑папяровай прамысловасці (19,1 млрд. рублёў).

Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, работ, паслуг прамысловых прадпрыемстваў за студзень 2009 года склала 8,1% (за студзень 2008 года — 16,5%), рэнтабельнасць продажу — 6,2% (11,8%).

Вышэй, чым у сярэднім па прамысловасці, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, работ, паслуг за студзень была ў нафтаздабыўнай прамысловасці (43,2%), медыцынскай (22,1%), тарфяной (20,8%), паліграфічнай (15,4%),
харчасмакавай (13,9%), нафтаперапрацоўчай прамысловасці (13,5%), прыборабудаванні (12,9%), рыбнай (11,7%), дрэваапрацоўчай (10,7%), нафтахімічнай (9,7%), прамысловасці будаўнічых матэрыялаў (9,3%).
Ніжэй, чым у сярэднім па прамысловасці, узровень рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі, работ, паслуг склаўся ў швейнай (7,8%), станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці (7,2%), трактарным і сельскагаспадарчым машынабудаванні (6,4%), мукамольна‑крупяной і камбікормавай прамысловасці (5,2%), аўтамабільнай (3,6%), хімічнай (1,8%), тэкстыльнай прамысловасці (0,7%).

Стратнай была рэалізацыя ў мікрабіялагічнай (мінус 1,1%), цэлюлозна‑папяровай (мінус 3,2%), мясной і малочнай прамысловасці (мінус 4,1%).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?