Жорсткі прысуд аршанскаму дысыдэнту.

У чацьвер аршанскі суд асудзіў Мікалая Разумава, былога рабочага лідэра, ініцыятара першых страйкаў у Беларусі, на тры гады «хіміі». Ён абвінавачваўся паводле арт.367 Крымінальнага кодэксу («паклёп на прэзыдэнта»).

24 лютага падчас перадвыбарчай сустрэчы зь Мілінкевічам Мікалай Разумаў публічна сказаў, што Аляксандар Лукашэнка мае беспасрэднае дачыненьне да гучных палітычных забойстваў. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі аршанскай вэртыкалі, а таксама апэратар мясцовай тэлекампаніі «Скіф». Зроблены ім відэазапіс выкарыстоўваўся потым на судзе ў якасьці доказу.

14 сакавіка аршанская пракуратура завяла супраць М.Разумава справу за паклёп на прэзыдэнта, і ён быў узяты пад варту. Праведзеная ў менскай клініцы «Навінкі» мэдэкспэртыза засьведчыла псыхічнае «расстройства». Аднак пры гэтым было ўстаноўлена, што на момант той сустрэчы ён знаходзіўся ў адэкватным стане і цалкам мог адказваць за свае ўчынкі.

Першае слуханьне прайшло 14 чэрвеня. На працэсе падсудны адмаўляў віну, матывуючы гэта тым, што зусім ня памятае падзеяў таго дня. У суд была пакладзеная даведка з паліклінікі, якая сьведчыла пра апёкі вачэй М.Разумава 2-й ступені. Ён сьцьвярджаў, што атрымаў іх у выніку нападу невядомага у ноч з 23 на 24 лютага, які пырснуў яму ў вочы нейкім газам. Паводле словаў затрыманага, вяртаючыся з паліклінікі, ён страціў на мосьце праз Дняпро прытомнасьць і не прыходзіў у сьвядомасьць на працягу сутак. Таму ён не прызнаваў у чалавеку на відэазапісе сябе, кажучы, што гэта нехта іншы.

У той самы дзень Аршанскі гарадзкі суд меў разгледзець яшчэ адну справу зь ягоным удзелам: аддзел адукацыі гарвыканкаму хадайнічаў пра пазбаўленьне Мікалая Разумава і ягонай жонкі Ірыны бацькоўскіх правоў. Гэта ўжо ня першая такая спроба. Разумавым закідалі тое, што іх дзеці сыстэматычна прапускаюць школу, ня маюць належных побытавых умоваў дома. Сям’я Разумавых жыве з уласнай гаспадаркі, некалькі год таму трымалі статак кароў. Аднак невядомыя зламысьнікі іх патруцілі.

Па абедзе слуханьні былі перанесеныя на наступны дзень, бо падсудны страціў прытомнасьць, і яму спатрэбілася мэдычная дапамога.

Наступны дзень пачаўся з разгляду грамадзянскай справы. Гарадзкі аддзел адукацыі адклікаў свой пазоў, спаслаўшыся на тое, што сытуацыя ў сям’і Разумавых нармалізавалася. Трэба адзначыць, што Мікалай і Ірына выхоўваюць непаўналетніх сына і двух дачок. Апошняя нарадзілася 9 траўня, калі бацька быў за кратамі. Назвалі яе Вікторыя.

Вынік крымінальнай справы быў не такі аптымістычны. Паводле артыкулу, па якім абвінавачваўся сп.Мікалай, яму пагражала да 5 гадоў зьняволеньня. Пракурор патрабаваў 4 гады. Судзьдзя Тацяна Рыбакова дала 3 гады «хіміі». Паводле словаў праўніка Алега Граблеўскага, які прысутнічаў на судзе, вырак мог быць мякчэйшы, калі б падсудны так катэгарычна не адмаўляў сваёй віны. «Прысуд празьмерна жорсткі, тым больш калі ўлічыць стан здароўя гэтага чалавека», – мяркуе сп.Граблеўскі. Паводле яго словаў, Мікалай Разумаў відавочна хворы, да таго ж ён інвалід 2-й групы, меў складаныя апэрацыі на лёгкім і страўніку.

На сёньня былы актывіст знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Працэс над Разумавым мае вялікі розгалас сярод яго землякоў: шмат хто добра памятае масавы выхад аршанскіх работнікаў на рэйкі на пачатку 90-х, што справакавала страйкі па ўсёй краіне. Аршанская суполка Свабоднага прафсаюзу аказвае матэрыяльную дапамогу сям’і асуджанага.

Сямён Печанко

Даведка

Дагэтуль паводле арт.367 былі асуджаныя: былы рэдактар газэты «Рабочы» Віктар Івашкевіч, былыя рэдактар і журналіст закрытай газэты «Пагоня» Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка, прадпрымальнікі Валер Леванеўскі і Аляксандар Васільеў, праваабаронца Аксана Новікава (двойчы ўмоўна).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0