Міні-апытанне беларускіх празаікаў.

Аўтар зборніку апавяданняў «Ордэн Белай Мышы» і гістарычных аповесцяў Уладзімер Арлоў: «Працую над працягам кнігі «Краіна Беларусь»: кароль Сцяпан Батура, цар Іван Жахлівы і тэрарыст беларускага паходжання Ігнат Грынявіцкі цяпер круцяцца ў мяне ў галаве і нават прыходяць у снах».

На пытанне «З кім, з рэальнымі гістарычнымі постацямі ці вымысленымі героямі, лепей працаваць?» спадар Уладзімер адказвае: «З аднаго боку, вядома, з рэальнымі гістарычнымі персанажамі прасцей: шмат што ведаеш з іх біяграфіі і гэта дапамагае маляваць вобраз, але з іншага боку абмяжоўвае ўзвіў фантазііпісьменніка, бо ёсць адказнасць перад гісторыяй. Часам нават хочацца абвергнуць уяўленне пра тую ці іншую гістарычную постаць, напісаць нешта нечаканае. Такі шанец з’явіцца ў мяне, пэўна, калі пасля «Краіны» зноўку завінуся пісаць «Полацкія апавяданні»: там будзе лацвей — рэальныя персанажы будуць пераплятацца з цалкам вымысленымі».

Аўтар раманаў «Ніякай літасці Валянціне Г.» і «Сарока на шыбеніцы» Альгерд Бахарэвіч, які стала жыве ў Германіі і цяпер у наведках на бацькаўшчыне, кажа: «Пішу цяпер твор, які цяжка жанрава акрэсліць. Структура такая: першая частка — мой пераклад казкі немца Вільгельма Гаўфа «Каменнае сэрца». Але большасць кнігі складаюць нібыта заўвагі перакладчыка, дзе тлумач нібыта абмяркоўвае складанасці перакладу, а насамрэч у постмадэрнісцкіх ключы складае ўласную кнігу, поўную новых сэнсаў і ўжо сваіх, беларускіх персанажаў, і тамуякраз гэтыя нібыта-нататкі і з’яўляюцца сэрцам твору».

Аляксей Талстоў, аўтар моладзевага ўрбаністычнага рамана «Бег», таксама заняты напісаннем новага твору: «Гэта раман. Усё як заўсёды: адбылося нешта-нейкае, я яшчэ не ведаю што дакладна, ці то ўсяленская катастрофа, ці то эпідэмія, і цяпер жменька ацалелых бадзяецца па планеце намагаецца перавынайсці свой унутраны свет: некаторыя імкнуцца да Дабра, некаторыя скочваюцца ў бездань абыякавасці. Адно цяпер усім героям зразумела: жыць, як да катастрофы, — немажліва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?