У загараднай рэзідэнцыі прэзідэнта Расіі ў Завідава (Цвярская вобласць) адбылася 7-гадзінная сустрэча Дзмітрыя Мядзведзева і Аляксандра Лукашэнкі. На 20 сакавіка праведзеная сумесная калегія міністэрстваў фінансаў Расіі і Беларусі.
Гэта другая сустрэча лідэраў сёлета. Першая адбылася ў пачатку лютага ў Маскве падчас пасяджэння Вышэйшае дзяржрады саюзнай дзяржавы.
Звесткі з Завідава прыходзяць мінімальныя.
Нават тыя паведамленні, што распаўсюдзілі расійскія інфармацыйныя агенцтвы, абмяжоўваюцца агульнымі словамі. Паводле прэс‑службы кіраўніка Расіі, на сустрэчы абмяркоўваліся пытанні беларуска‑расійскага інтэграцыйнага ўзаемадачынення. Найперш, рэалізацыя праектаў, якія былі прынятыя падчас мінулага пасяджэння дзяржрады.
Як перадае Першы расійскі канал, сярод галоўных пытанняў сустрэчы было супрацоўніцтва ў вайскова‑тэхнічнай і энергетычнай сферах, а «асаблівая ўвага была нададзеная крэдытна‑фінансаваму ўзаемадзеянню». Ці не за чарговым расійскім крэдытам накіраваўся Лукашэнка ў Завідава?

Як потым паведаміла агенцтву «Інтэрфакс» прэс‑сакратар прэзідэнта РФ Наталля Цімакова, была дасягнутая дамоўленасць, што 20 сакавіка - гэта значыць проста заўтра - будзе праведзеная сумесная калегія міністэрстваў фінансаў Расіі і Беларусі «для далейшага абмеркавання пытанняў прадстаўлення крэдытаў і выкарыстання іншых формаў эканамічнага ўзаемадзеяння».

Расійскі прэзідэнт заявіў, што на мінулай сустрэчы бакі прыйшлі да цэлага шэрагу вельмі важных дамоваў, якія маюць эканамічнае, гуманітарнае і рэгіянальнае вымярэнне. Цяпер справа за выкананнем, сказаў Мядзведзеў.

На гэта Лукашэнка адказаў, што эканомікі Беларусі і Расіі вельмі звязаныя і ніхто іх не збіраецца разрываць. «Бо кааперацыя — гэта дабро ва ўсім свеце, і мы дамовіліся, што будзем падтрымліваць падобную кааперацыю».

Паводле інфармацыі БЕЛТА, сустрэча кіраўнікоў доўжылася амаль сем гадзін. Сярод іншага было абмеркаванае пытанне адносінаў паміж афіцыйным Мінскам і Еўрасаюзам. Потым ішоў радок: «Па ўсіх пытаннях дасягнутае ўзаемаразуменне бакоў».

Потым лідэры дзяржаў пайшлі гуляць па рэзідэнцыі, пілі гарбату на двары і грэліся ля вогнішча. Пры гэтым Лукашэнка быў апрануты ў вайсковы бушлат.
Разам з Лукашэнкам быў у Завідава і малы Міколка, але на гэты раз у аб’ектывы фотарэпарцёраў ён не трапіў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?