Найстарэйшы ў горадзе кінатэатр, які адзначыць сёлета 95 гадоў, хутка адчыніць дзверы пасля рамонту і рэканструкцыі.

У залі абноўленага кінатэатру.

У залі абноўленага кінатэатру.

Рэканструкцыя гродзенскага кінатэатру «Чырвоная зорка» (да 1940 году — «Эдэм») зацягнулася. Яшчэ ў ліпені 2007 году адміністрацыя казала пра адкрыццё абноўленага кінатэатру ў снежні таго ж году, у гэтым жа годзе ўрачыстыя мерапрыемствы абяцалі акурат да 8 сакавіка. І вось на 20 сакавіка ў першым у краіне кінатэатры павышанай камфортнасці адбудзецца прэм’ера новай беларускай стужкі «Кадэт».

Кіназала абноўленага кінатэатру налічвае 132 месцы, што амаль утрая меней, чым было раней. Затое з’явіліся канапы і столікі з індывідуальным асвятленнем. Каб выклікаць афіцыянта, дастаткова націснуць кнопку на століку. Свае паслугі для гледачоў прапануе кавярня. Крэслы ў залі мяккія скураныя. Прыступкі, як для аматараў спазняцца на сеансы, падсветленыя. Балкон, які змяшчае 18 месцаў, абсталяваны пад самага патрабавальнага гледача.

У кінатэатры ўсталявалі сучаснае абсталяванне, у тым ліку аўтаматызаваную сістэму продажу квіткоў. У часе рэканструкцыі былі адрэстаўраваныя аўтэнтычныя элементы дэкору строга будынку, якія спалучылі з сучаснымі элементамі ў стылі хай-тэк. Усяго на аднаўленчыя працы было выдаткавана больш за 2 млрд рублёў. У цёплы час сутак гледачы змогуць адпачыць за столікамі ва ўнутраным дворыку. Для наведнікаў кінатэатру прадугледжаная кругласуткавая ахоўваемая аўтастаянка.

Адміністрацыя кінатэатру абяцае аднавіць працу клубу «Ракурс». Да рэканструкцыі гэта было ці не адзінае месца ў горадзе, дзе можна было пабачыць найлепшыя фільмы еўрапейскага кінематографу.

У планах таксама арганізацыя начных кінасеансаў, пакуль жа апошнія сеансы будуць пачынацца ў 21.00 або 21.30. Кошт квіткоў складзе 8, 9 і 12 тысяч у залежнасці ад месца ў глядзельнай залі.

***

Найстарэйшы кінатэатр Гродна быў пабудаваны ў 1914 г. і першапачаткова называўся «Эдэм». У 1940 г. новая ўлада пераназвала «Эдэм» ў «Чырвоную зорку», і пад гэтай назвай кінатэатр існуе дагэтуль.

СП, паводле «Гродненской правды»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0