«У дадзены момант яна са сваёй маці едзе ў дызель‑цягніку з Гомеля ў Расею», — паведаміў Зміцер Гарачка, адвакат Функ.
Функ забаронены ўезд у Беларусь цягам 10 год.
Уладлена Функ (Брускова)— сакратарка амерыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра, якая разам з ім была асуджана за камерцыйны шпіянаж і падробку дакументаў. Яна атрымала год турмы і адбыла сваё пакаранне ў 4‑й жаночай калоніі Гомеля.
Уладлена Функ павінна была выйсці на волю 12 сакавіка, але яе змясьцілі ў ізалятар, як паведамлялася — паводле пастановы пра дэпартацыю як грамадзянкі Расеі.
Уладлена Функ стала шырока вядомая ў сувязі са справай амерыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра, які аказаўся ўцягнуты ў скандал вакол спадчыны грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. На спадчыну гэтага мільярдэра прэтэндуе расейскі алігарх‑уцякач Барыс Беразоўскі. Сваякі Зэльцэра кажуць, што нібыта Беразоўскі справакаваў арышт Зэльцэра ў Менску, куды адвакат прыехаў у справе спадчыны Патаркацышвілі. Барыс Беразоўскі, які цяпер пражывае ў Лондане як палітычны ўцякач, абвяргае гэтыя абвінавачванні і называе Эмануіла Зэльцэра «махляром».