Кіраўнікі дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў Слоніма (Гродзенская вобл.) на гэтым тыдні атрымалі ліст ад галоўнага рэдактара дзяржаўнай раённай газеты «Слонімскі веснік» Марыі Данюк з просьбай аформіць на гэтае выданне індывідуальную падпіску кожнаму супрацоўніку. «За кошт работнікаў, прафкама альбо арганізацыі», — пазначаецца ў лісце.

Як паведамляецца ў звароце, гэта робіцца «з мэтай выканання распараджэння кіраўніка раёна Іосіфа Паўлюкевіча і рэалізацыі рэспубліканскай і раённай праграм развіцця дзяржаўнай газеты “Слонімскі веснік” па забеспячэнні падпіснога накладу на 2-гі квартал 2009 года».

Больш за тое, да 25 сакавіка кожнаму кіраўніку дзяржустановаў неабходна зрабіць справаздачу — пісьмова праінфармаваць ідэалагічны аддзел райвыканкама, пералічыўшы колькасць работнікаў калектыву і колькасць падпісчыкаў на «Слонімскі веснік».

Паводле спн. Данюк, з гэтымі звесткамі будзе азнаёмлены кіраўнік Слонімскага раёна.

Нагадаем: літаральна на мінулым тыдні, 12 сакавіка, новапрызначаны гендырэктар РУП “Белпошта” Юрый Комар адмовіў у распаўсюдзе праз падпіску недзяржаўным слонімскім рэгіянальным выданням «Газета Слонімская» і «Отдушина».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?