У 2008 годзе Швейцарыя з Кіпрам займалі 2 і 4 месцы адпаведна па колькасці замежных інвестыцый у Беларусь.

Замежных інвестыцый, на якія так разлічваюць беларускія ўлады, можа паменець, бо ў свеце знікаюць афшорныя зоны. Між тым менавіта з іх прыходзіла львіная доля капіталаў у постсавецкія краіны.

Швейцарыя, у якой сканцэнтравана 27% сусветных прыватных укладаў, згадзілася даваць інфармацыю іншым краінам пра няплатнікаў падаткаў. Пра змякчэнне доступу да банкаўскай таямніцы заявілі таксама Аўстрыя, Ліхтэнштэйн, Андора, такія ж крокі прадпрымаюць Сінгапур і Ганконг.

Развітыя краіны выступаюць за скарачэнне колькасці афшорных зонаў. Яны спадзяюцца такім чынам зменшыць дэфіцыт бюджэту, павысіць падатковыя надыходжанні. Вярнуць грошы са своесаблівых падатковых раяў – няпростая задача для любой дзяржавы. Сказаць, якія сумы маглі вывезці з Беларусі айчынныя бізнэсмэны, складана. Асноўная частка бізнэсу сканцэнтравана ў руках дзяржавы, таму наўрад ці мільярды.

Тым не менш, менавіта з афшорных зонаў ідзе вялікая частка інвестыцый у Беларусь.

Напрыклад, у 2007 годзе Швейцарыя займала ў рэйтынгу буйнейшых беларускіх інвестараў трэцяе месца, Кіпр – пятае. Брытанскія Віргінскія астравы, якія спыніліся на адзінаццатай прыступцы, уклалі ў нашу краіну больш за Польшчу, Чэхію, Швецыю.

У 2008 годзе Швейцарыя з Кіпрам выйшлі ўвогуле на 2 і 4 месцы адпаведна. З тэрыторыі Швейцарыі было ўкладзена 1,22 мільярда даляраў. Калі капітал пачне адток з гэтых краін, ім прыйдзецца спачатку як мінімум прайсці легалізацыю ў сябе на радзіме, што павінна замарудзіць інвестыцыі ў Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?