8 чэрвеня

Берасьцейскі абласны суд адмяніў пастанову суду Ленінскага раёну Берасьця пра пакараньне на 1 базавую велічыню за нецэнзурную лаянку Зьмітра Шыманскага, які кіраваў абласным штабам Мілінкевіча на прэзыдэнцкіх выбарах. Справа накіраваная на паўторны разгляд.

Карэспандэнтку недзяржаўнай газэты «Вечерний Гомель» Тацяну Якіменку не пусьцілі на кірмаш вакансій для моладзі і студэнтаў на час летніх вакацый, якую ладзіў Гомельскі рэгіянальны цэнтар занятасьці насельніцтва.

11 чэрвеня

У Менску пасьля флэш-мобу ў памяць намётавага мястэчка затрыманыя Аляксей Казулін і Іван Бурыкін, а таксама Сяргей Пульша.

12 чэрвеня

На старшага ўчастковага інспэктара міліцыі Першамайскага РУУС Віцебску І.Шаблова пачалі дысцыплінарную справу за незаконнае затрыманьне падчас выбарчай кампаніі Валер’я Шчукіна.

15 работнікаў магілёўскага ТАА СП «Белвіял», чальцоў прафсаюзу РЭП, выйгралі працэс у адміністрацыі прадпрыемства за затрымку заробку: ім заплацяць больш за 10 млн руб.

13 чэрвеня

Гомельскі суд Цэнтральнага раёну вынес папярэджаньне Зьмітру Жалезьнічэнку, студэнту ўнівэрсытэту імя Скарыны, за карыстаньне нацыянальным сьцягам падчас футбольнага матчу 16 траўня.

Моладзеваму актывісту Эдуарду Зелянкову з Жлобіна выставілі крымінальнае абвінавачаньне: яго зьвінавацілі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». З хлопца ўзялі падпіску пра нявыезд.

Палітвязень Аляксандар Казулін зьвярнуўся з адкрытым лістом да генпракурора Пятра Міклашэвіча, дзе гаворыць, што на яго завялі справу на загад «зьверху» й расьсьледуюць неаб’ектыўна.

14 чэрвеня

Стала вядома, што актывістку «Моладзі БНФ» Сьвятлану Сьцеганцаву, пераможцу Рэспубліканскага конкурсу духавых і ўдарных інструмэнтаў, стыпэндыятку спэцыяльнага Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі пры прэзыдэнту Беларусі, выключаюць з каледжу імя Ахрэмчыка за актыўную палітычную дзейнасьць.

Былы галоўны рэдактар ваўкавыскай «Местной газеты» Андрэй Шантаровіч папрасіў у Харкаўскай абласной адміністрацыі палітычнага прытулку ва Ўкраіне.

У Салігорску падчас пэрформансу «Набудзь соль – памажы «Белкалію» 14 чэрвеня затрымалі моладзевых актывістаў Аляксея Валабуева і непаўналетніх Івана і Ільлю Шылаў. Непаўналетніх неўзабаве адпусьцілі, а Валабуева зьвінавацілі ў хуліганстве й наступнага дня асудзілі на 30 б.в. штрафу. 15 чэрвеня непаўналетнія Іван Шыла і Яўген Мядзьведзеў сталі насупраць суду з плякатам «Свабоду Валабуеву»: пры затрыманьні іх зьбілі так, што Мядзьведзева давялося везьці ў больніцу. На І.Шылу склалі пратакол за арганізацыю несанкцыяванага мерапрыемства.

15 чэрвеня

Артура Фінькевіча, асуджанага на 2 гады «хіміі», выклікалі ў аддзел выкананьня пакараньняў Заводзкага раёну Менску й загадалі прыйсьці яшчэ раз 22 чэрвеня: яму мусяць назваць месца адбываньня пакараньня.

Палітвязьня Сяргея Скрабца ў папраўчай калёніі «Віцьба-3» упершыню наведалі сваякі.

У Магілёўскім габрэйскім дзіцячым садку прыбралі юдэйскую сымболіку (мэнору і зорку Давіда) пасьля таго, як пракурор зьвінаваціў выхавацельку Людмілу Ізаксон-Балатоўскую ў парушэньні рэлігійнага заканадаўства краіны.

У Берасьці за распаўсюд брашуры «Судова-прававая рэформа. Беларусь: дарога ў будучыню» затрыманы актывіст АГП Сьцяпан Навасяльчан, на яго склалі пратакол за распаўсюд літаратуры «антыдзяржаўнага зьместу». У гэты ж дзень Навасяльчана і актывістку БСДП(Г) Ганну Канюс не пусьцілі на сэсію Берасьцейскага гарсавету, дзе абмяркоўвалася праца мясцовага «Водаканалу».

Участковы міліцыянт Пятро Завадзкі й супрацоўнік КДБ Станіслаў Гаршкоў правялі «размову» з супрацоўнікамі незарэгістраванай газэты «Вольны горад» Сяргеем Няроўным і Мікалаем Гердзіем: журналісты зьбіралі ў в.Веранейкі (Чэрыкаўскі раён) матэрыял для артыкулу пра аграгарадкі.

Недзяржаўная газэта «Віцебскі кур’ер-М» атрымала ліст ад намесьніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч: чыноўніца патрабуе «даць тлумачэньні наконт падставаў» для публікацыі артыкула «Віцязь» міма касы» пра карупцыю ва УП «Віцязь». Выявілася, што кіраўніцтва заводу напісала ліст у Мінінфармацыі, дзе пацьвердзіла праўдзівасьць прыведзеных зьвестак, але зацікавілася крыніцай інфармацыі газэты.

Прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча не прывезьлі з турмы на працяг суду ні 15, ні 16 чэрвеня: у яго панізіўся ціск, і яму паставілі кропельніцу.

У Менску затрымалі каля 20 удзельнікаў флэш-мобу «Ідэальныя грамадзяне». Сярод затрыманых фатограф «НН» Андрэй Лянкевіч, Дзегцяроў, Бахун, Чабан, Грузіна, Вітко, Цітова, Марына Вашкевіч, Алена Скрыпнік, Юлія Балонкіна.

Пракуратура і суд Гомельскай вобласьці пакінулі бязь зьменаў пастанову суду Чыгуначнага раёну Гомелю, паводле якой Уладзімера Кацору ў красавіку арыштавалі на 10 сутак перад Чарнобыльскім шляхам.

ГА «Магілёўскі праваабарончы цэнтар» атрымала ліст ад Магілёўскага абласнога ўпраўленьня юстыцыі: чыноўнікі патрабуюць, каб са статуту арганізацыі прыбралі пункт, што аб’яднаньне забясьпечвае абарону правоў грамадзянаў у судах, органах дзяржаўнай улады й грамадзкіх арганізацыях.

Канстанцін Сіўчык, брат Вячаслава Сіўчыка, атрымаў афіцыйны адказ на скаргу ў пракуратуру наконт незаконнага затрыманьня іх маці, 70-гадовай пэнсіянэркі Галіны Сіўчык 23 сакавіка падчас спорбы пранесьці ежу ў намётавае мястэчка. Адказ прыйшоў з ГУУС Менгарвыканкаму за подпісам в.а. камандзіра ПМСН падпалкоўніка міліцыі В.Сурнова: міліцыянт паведаміў, што ягоныя падначаленыя дзейнічалі правамерна.

16 чэрвеня

Вывучэньне справы актывістаў арганізацыі незалежных назіральнікаў «Партнэрства» Эніры Браніцкай, Мікалая Астрэйкі, Цімоха Дранчука, Аляксандра Шалайкі працягнутае яшчэ на 1 месяц.

У Жодзіне падчас флэш-мобу «Прамень Свабоды» (сонечныя зайчыкі ў вокны гарвыканкаму) затрыманыя моладзевыя актывісты Сяржук Гудзілін, Павал Каранюхін і Дзяніс Чэркас. Міліцыянты ня ведалі, як аформіць затрыманых, і праз 20 хвілінаў адпусьцілі з пастарунку.

Падчас жорстка разагнанай акцыі каля расейскага пасольства затрыманыя Міхаіл Кандрашоў, Вольга Кустава, Сяргей Ласы, Аляксей Ляўковіч, Натальля Вушко, Андрэй Кузьмінскі, Руслан Мацьвееў, Іван Бурыкін, Зьміцер Хведарук, Павал Давідовіч, Арсень Цэдрык, А.Альфяровіч, С.Барысевіч, В.Локаў, Зьміцер Кучынскі, Любоў Кучынская, Зьміцер Бародка, Кірыла Папонаў, В.Саларук, Міхаіл Шубач, Ірына Завадзкая, Валер Янкоўскі, Крысьціна Шацікава, Раман Шарфановіч, В.Грыгор’еў, Алесь Каліта, Андрэй Чапялевіч, Аляксандар Курбацкі, Міхаіл Шуцянкоў, Юлія Гарачка, Настасься Чаранкова, Людміла Маёрава, Алесь Уласенка, Іван Шаблінскі, Павал Вараб’ёў, Андрэй Бабіцкі, Даніла Барысевіч, Іван Шутко, Уладзь Петрушэнка, Уладзімер Міхалькоў, Аляксандар Саўрыцкі, Алег Убожанка, Ганна Камкар, Юльлян Гайдук, Ціна Палынская, Павал Юхневіч, Віка Сахарук, Аляксандар Турко. Да зьбітай пры затрыманьні Л.Кучынскай супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС Менску адмовіліся выклікаць «хуткую».

У Магілёве падчас флэш-мобу ў Дзень салідарнасьці затрыманыя актывіст ПБНФ Рыгор Кастусёў, актывісты АГП Сяргей Стральцоў і Ірына Качарова, а таксама моладзевыя актывісты Кацярына Ільліна й Натальля Падольская, пасьля акцыі – актывіст БСДП(Г) Павал Вусаў і Марына Цьвяткова. На ўсіх склалі пратаколы за засьмечваньне грамадзкага месца.

Канстанцін Дзенісеня зь Белаазёрску атрымаў поштай паведамленьне, што 6 чэрвеня яму прысудзілі штраф у 5 б.в. за распаўсюд «друкаваных выданьняў, вырабленых з парушэньнем вызначанага парадку» 10 сакавіка.

Участковы Аляксандар Бойка наведаў у Кобрыні актывіста ПБНФ Алеся Меха з роспытамі, кшталту якое той мае дачыненьне да распаўсюду ўлётак «Руху за Свабоду»: маўляў, 25 траўня за распаўсюд гэтых улётак затрымалі 2 чалавекі, якія на допыце ў КДБ сказалі, што іх даў А.Мех.

19 чэрвеня

Журналіст газэты «Комсомольская правда в Беларуси» Алег Улевіч абскардзіў у звароце да пракурора Менску рашэньне галоўнага ўпраўленьня папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму пра спыненьне крымінальнай справы па факце ягонага зьбіцьця 2 сакавіка. У якасьці сьведкаў Улевіч прапанаваў прыцягнуць каля 30 міліцыянтаў, зь якіх 3 вялі здымкі на відэакамэры, і 20 грамадзян, якія знаходзіліся каля месца інцыдэнту.

АШ

Глядзі яшчэ:

Бел-чырвона-белы сьцяг над салігорскім выканкамам

Акцыя супраць расейскіх вайсковых базаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0