Рэпартаж Паўла Касцюкевіча з Строчыцаў.
Музей Строчыцы сустракаў песнямі-рэтра «А хто яго знае» і «Стомленае сонца». Апранутыя ў партызанаў і чырвонаармейцаў маладзёны, узброеныя муляжнымі аўтаматамі і гармонікамі, актыўна запрашалі наведаць а-ля франтавы намёт. Рэч у тым, што філіял музею Айчыннай вайны надумаў правесці паралельна выставу «Партызанская вясна». Дарма што глядзелася тое на свяце гукання вясны ў Музеі народнай архітэктуры дзіўнавата, але нязводная завядзёнка мяшаць усе пласты святаў пакрысе зрабіла сваё: пад канец гулянняў партызаны панакуплялі гліняных пеўнікаў і жалеечак і таксама трошкі гукалі.

Калі ў людзей было суладдзе, тады як у прыродзе вялося сапраўднае змаганне. Часам здавалася, што гукаючы вясну, неўзнакі наклікалі зіму. Часам сонца скварыла так хораша, што абсалютны нуль — назаўсёды пройдзены этап.

Сёлета на свяце вяло рэй «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства». Моладзь вадзілі карагоды. Дудары не шкадавалі мяхоў, а танцоўшчыкі — долу. Гралі гурты «Гуда», «Горынь», «Княжыч» і спявалі калектывы «Крынічанька» і «Калыханка». Ладзілі конкурс на найпрыгажэйшую папяровую птушку — сімвал свята.

А яшчэ напяяліся дасхочу. У адрозненне ад іншых падобных музеяў, у Строчыцах экспанаты раскіданыя па вялікай тэрыторыі, таму можна было забрысці ў гай ці зацішны падворак, і сустрэць жанчын, якія цягнулі «Агу, вясна!»

Гуканне вясны — адно не з шматлікіх традыцыйных святаў, якое і ў ХХІ стагоддзі, дзякуючы намаганням энтузіястаў, праходзіць натуральна, не ў стылі паказных піруэтаў афіцыёзнай народнасці. Так было і сёлета. Паколькі традыцыя жывая, трапяткая, а вясне трэба будзе прыходзіць і праз год, дык чаму б не наведаць у наступным годзе «Гуканне вясны»? Да музею — якіх 5 км ад кальцавой дарогі (адразу за аўтарынкам у Малінаўцы). Туды ходзяць аўтобусы з аўтастанцыі з мікрараёну «Паўночны Захад».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?