Вядуцца дыскусіі, што павінны рабіць удзельнікі акцыі 25 Сакавіка – ісці ад Акадэміі навук на Кастрычніцкую плошчу, на Бангалор, ці ўвогуле застацца на месцы. Па‑мойму, куды больш важнае пытанне – пад якімі лозунгамі пройдзе Дзень Волі‑2009.
Наколькі я памятаю, на пачатку планавалася правесці мітынг пад сацыяльнымі лозунгамі, улічваючы крызіс у эканоміцы. Гэта сустрэла крытыку. Многія выказваліся ў тым сэнсе, што не трэба прывязваць гістарычнае нацыянальнае свята да бягучага моманту. Тым больш, і крызіс у грамадстве яўна не саспеў яшчэ.

З другога боку, адбываюцца вельмі важныя замежнапалітычныя падзеі, якія хвалююць большасць беларускага грамадства. Гэта рашэнне ЕС запрасіць Беларусь ва «Усходняе партнёрства». І гэта грубыя спробы Масквы прымусіць афіцыйны Мінск прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асетыі ад Грузіі. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з абхазскім прэзідэнтам Багапшам можа сведчыць пра тое, што такое рашэнне ўжо не за гарамі. Беларусь можа стаць адзінай у свеце краінай (за выключэннем Нікарагуа, але і там не ўсё пакуль ясна), якая прызнае права Расіі на агрэсію і стварэнне марыянеткавых рэжымаў.

Падтрымаць незалежнасць Грузіі (падтрымаць не Саакашвілі, а менавіта народ Грузіі) у дзень абвяшчэння незалежнай БНР – абавязак дэмакратычных сілаў Беларусі. Па‑мойму, не трэба быць палітыкам, каб вылучыць стары лозунг, які сёння зноў гучыць актуальна: «ЗА НАШУ І ВАШУ СВАБОДУ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?