У Берасці супрацоўнікі міліцыі прапанавалі нацыянальныя сцягі вывешваць на флагштокі. Але падманулі.

Штогод на вуліцы Пушкінскай у Берасці 25 Сакавіка з’яўляецца вялікі нацыянальны сцяг. І штогод міліцыя наведвае кватэру, жыхары якой лічаць за гонар ушанаваць Дзень Незалежнасці сцягам. Штогод гісторык і архітэктар Ірына Лаўроўская, а гэта яе кватэра, прапануе міліцыянтам азнаеміцца з гістарычнымі дакументамі і чытае кароткую лекцыю на тэму гістарычнай сіволікі Беларусі, прыгадвае часы, калі герб «Пагоня» быў не толькі нацыянальным, але і дзяржаўным сімвалам, які упрыгожваў, дарэчы, і кукарды міліцыянтаў...

Гэтым разам ад 8‑й раніцы у двары дома, дзе з’явіўся сцяг, дзяжурыла дзве машыны: адна патрульная, другая‑«бобік», для дастаўкі парушальнікаў правапарадку. У кватэру яны ўвайшлі толькі а 12‑00, менавіта у гэты час Ірына Лаўроўская мела бяседу з журналісткаю мясцовай газеты «Заря» на тэму гісторыі Берасця у XIV стагоддзі. Галоўнаю прэтэнзіяй, якую выставілі міліцыянты, была неэстэтычнасць замацаванага на вудзе сцяга. Быццам вуда «псуе прыгажосць вуліцы», і параілі павесіць сцяг на флагштоку ў суседняй школе. Ірына Лаўроўская з гэтым пагадзілася і паведаміла, што гатова перавесіць сцяг на указаны флагшток. Аднак міліцыянты, насуперак логіцы, «вынялі» сцяг, і, назваўшы яго палатном белага і чырвонага колеру, склалі пратакол. Відавочна лекцыя на тэму гісторыі уразіла міліцыянтаў, і пасля кароткай дыскусіі яны вырашылі гаспадыню не завозіць у пастарунак, дазволіўшы займацца ёй «сваімі справамі». І слушна, бо сьвята толькі пачынаецца і наперадзе яшчэ цэлы дзень, калі будуць віншаванні ветэранаў БНФ «Адраджэньня», будзе акцыя на вуліцах гораду, будзе сяброўская вечарына і будзе малітва у гэты дзень Дабравешчання: аб знемоглай краіне, якая Жыве і будзе жыць вечна!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?