Калі версія выдання “Коммерсант-Украина” слушная, то Лукашэнку 100% не запросяць у чэшскую сталіцу. Яго запросяць у… Брусель.

У апошнія тыдні ці не галоўнай мэтай шэрагу ўнутраных праціўнікаў Лукашэнкі стала змаганне за тое, каб ён не атрымаў запрашальніка ў Прагу на ўстаноўчы саміт “Усходняга партнёрства”. Ад такой памылкі Еўропу эмацыйна засцерагаюць былы палітвязень Аляксандр Казулін, экс-спікер Станіслаў Шушкевіч. Маўляў, за якія заслугі? Самі ж называлі тутэйшы рэжым дыктатурай — і самі ж збіраецеся братацца з чалавекам, які гэту змрочную сістэму ў цэнтры Старога свету стварыў ды пільна ашчаджае!

Паводле палітолага Валера Карбалевіча, задача не пусціць афіцыйнага лідэра Беларусі ў Прагу для каго-кольвек ператварылася ў азартнае спартовае спаборніцтва.

Дык вось, “Коммерсант-Украина” даведаўся: травеньскі саміт могуць перанесці з чэшскай сталіцы ў Брусель. З тэхнічных, так бы мовіць, прычын (у Празе Кангрэс-цэнтр нібыта ўжо зарэзерваваны пад іншае мерапрыемства — во які ў іх там разгул дэмакратыі!). Так што патрабаванне жорсткіх апанентаў Лукашэнкі — не пускаць тога ў Прагу! — можа быць парадаксальным чынам задаволенае.

Зразумела, калі сур’ёзна, то рэч зусім не ў месцы правядзення той імпрэзы. Апазіцыю раскалола стаўленне да новай палітыкі Бруселя ў беларускім пытанні.

Калі казаць спрошчана, то задума еўразвязаўскіх стратэгаў такая: уцягнуць краіну, якая яна ёсць, у новы праект, а каштоўнасныя праблемы (дэмакратыя, правы і свабоды) вырашыць потым, спакваля. Іначай кажучы,

акунуць гэты моцны арэшак ў хімічны раствор еўрапейскіх працэсаў, які пакрысе раз’есць аўтарытарную шкарлупіну.

Крытыкі ж новай лініі ЕС з лагеру беларускай тытульнай апазіцыі цвердзяць, што Еўропа такім чынам здраджвае сваім каштоўнасцям, ідзе на беспрынцыпны хаўрус, дэ-факта мацуе дыктатуру.

У гэтым пытанні карэнным чынам разышліся, у прыватнасці, два былыя апазіцыйныя удзельнікі прэзідэнцкіх выбараў 2006 года — Казулін і Мілінкевіч. На прэс-канферэнцыі 25 сакавіка Аляксандр Мілінкевіч паведаміў, што меў доўгую гутарку з былым палітвязнем — і не паразумеўся.

“У нас супрацьлеглыя пазіцыі. Я за супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, Казулін — за ізаляцыю. Я бачу пагрозу для незалежнасці, а Казулін не бачыць”, — паведаміў лідэр руху “За Свабоду”. Ён мяркуе, што апазіцыя сёння мусіць не столькі крыўдзіцца на Еўропу ды апеляваць да яе, колькі шукаць шляхі ўплыву на беларускае грамадства.

Абедзьве пазіцыі лёгка пабіць камянямі.

Зразумела, што схема максімалістаў: хай спачатку рэжым зробіцца мяккім ды пухнатым, а потым ужо можна весці гаворку пра ўсе тыя “партнёрствы” — цалкам нерэалістычная. Як зазначае аналітык Юрый Дракахруст,

новая праграма ЕС ад пачатку не разлічана на выдатнікаў дэмакратызацыі (дастаткова згадаць свежы рэферэндум у Азербайджане). Між тым гэты цягнік ужо мусіць крануцца. І выкідаць з яго Беларусь азначае бурыць усю задуму: праграма акажацца апрыёры шчарбатай.

Ну а лідэра руху “За Свабоду” апаненты пэўна ж звінавацяць у рэнегацтве. Маўляў, спрыяеш дыктатуры.

І тут вымалёўваецца тонкая дыялектыка: дзе канчаецца рэжым і дзе пачынаецца Беларусь?

Дадамо: раскрышыць “Усходняе партнёрства” са свайго боку імкнецца Масква. Незадаволенасць праектам выказаў днямі ў Бруселі міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. У прыватнасці, сапсаваць перспектыву Беларусі ў новай праграме хочуць цераз тое, каб змусіць Мінск да прызнання Паўднёвай Асеціі ды Абхазіі. Гэта моцна пакрыўдзіць і Брусель, і Тбілісі (Саакашвілі ўжо зазначыў, што за адзін стол з Лукашэнкам ў такім разе не сядзе).

Акрамя Беларусі, слабымі звёнамі новага праекта Маскве бачацца Арменія і Малдова: іх таксама ёсць чым прыціснуць.

У Кіеве, між іншым, таксама капрызнічаюць: маўляў, нам гэтае “Усходняе партнёрства” нічога новага не дае, мы саспелі для болей шчыльных стасункаў!

Потым, у самім ЕС няма ідыліі ў стаўленні да “Усходняга партнёрства”. Францыя ды іншыя паўднёвыя краіны болей глядзяць у бок Міжземнамор’я. І, адпаведна, цягнуць у той бок кароткую коўдру рэсурсаў.

Ну і, нарэшце, беларускія ўлады таксама не спяшаюцца надта пляскаць у ладкі новай брусельскай задуме. Лукашэнка сваім адмысловым палітычным нюхам адчувае хітры падкоп пад любоўна збудаваную ім сістэму.

І таму Мінск пастараецца выкалупваць з “Усходняга партнёрства” толькі разынкі асобных прагматычных выгад. І каб без гэтых дэмакратычных закідонаў. Карацей, не вучыце жыць, лепей дапамажыце матэрыяльна!

Дык вось, цалкам імаверны сюжэт, калі Еўропа ў рэшце рэшт проста плюне: не хочаце — як хочаце!

Так што — маё асабістае меркаванне — чыннікаў, якія ў суме могуць тарпедаваць новы праект, і так занадта багата, каб яшчэ і тыя ў нашай краіне, хто дэкларуе ва ўсіх улётках еўрапейскі выбар Беларусі, дэ-факта тапілі яго пад маркай непрымірымага змагання з дыктатурай.

Далібог, ёсць вялікі абсяг для змагання з дыктатурай, акрамя як бамбаваць Брусель эмацыйнымі адозвамі (пры тым што ставіць пытанне аб большай празрыстасці і крытэрах дыялогу Мінск — ЕС цалкам правамерна).

Пытанне ж аб запрашэнні/незапрашэнні пэўнай асобы ў адзін з гарадоў ЕС хоць і дастаткова прынцыповае, але па сваёй вазе непараўнальнае з пытаннем гістарычнага выбару Беларусі. Краіны, што рызыкоўна балансуе сёння між дэмакратычным Старым Светам і — скажам так — Азіёпай.

(Асобная тэма: а ці хоча сам Лукашэнка ў Прагу? Можа, яму акурат зручней дыстанцыявацца ад працэсу, каб не дражніць Маскву.)

Магчыма, праз колькі гадоў менавіта з вясны 2009 года будзе адлічвацца вяртанне Беларусі ў рэчышча еўрапейскай традыцыі. Нашы гарады яшчэ пяць стагодзяў таму мелі магдэбургскае права.

Сёння вымалёўваецца унікальны гістарычны шанец — зноў інтэгравацца ў агульнаеўрапейскі кантэкст. Па мне, дык трэба выкарыстоўваць яго любым чынам. Вылузвацца з Азіёпы. Як у тым старым анекдоце — памятаеце? — хоць тушкай, хоць чучалам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?