Тым часам мясцовыя жыхары наракаюць на недастатковую колькасць кавярняў і рэстаранаў.

Ад 1 сакавіка парк імя Жылібера ў Гродна рашэннем мясцовых уладаў абвешчаны зонай цвярозасці. Тут больш нельга ўжываць спіртное. У тым ліку піва.

Галоўная мэта такога рашэння ўладаў — прыцягненне грамадзянаў да цвярозага ладу жыцця. У хуткім часе на ўваходах у парк, які знаходзіцца ў цэнтры гораду, з’явяцца адпаведныя інфармацыйныя стэнды.

Спачатку з парушальнікамі будуць ладзіць прафілактычныя гутаркі. Таксама вырашаецца пытанне продажу спіртнога ў кавярнях, што месцяцца на тэрыторыі парку. Адна з іх — «Бярозка», карыстаецца папулярнасцю ў маладых бацькоў, якія часта наведваюцца сюды з малымі дзецьмі.

Варта адзначыць, што ініцыятыва ўладаў мае вырашыць досыць набалелую праблему. Парк Жылібера з’яўляецца найбольш папулярным у моладзі, якая часцяком бавіць тут час за півам, пакідаючы па сабе горы смецця. Пры тым, што на тэрыторыі парку знаходзіцца брацкая магіла жаўнераў часоў Другой сусветнай вайны. Падаецца, аднак, што выключна адміністрацыйнымі мерамі пытанне вырашыць будзе праблематычна. Забараняючы ўжыванне піва ў пэўных месцах, варта было б паклапаціцца пра развіццё інфраструктуры адпачынку ў цэлым. Да сёння ў каралеўскім горадзе нявырашанай праблемай застаецца наяўнасць месцаў адпачынку ў дастатковай колькасці. Больш за тое, колькасць тых, што функцыянуюць, з розных прычынаў скарачаецца. Так, у лютым быў зачынены рэстаран «Карат», у хуткім часе можа зачыніцца кавярня «Кронан». Пад пытаннем апынулася існаванне начнога клубу «Парламент».

СП, паводле s13.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0