Следства па справе актывістаў прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыска (Гродзенская вобласць) Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі прадоўжана на месяц,

паведаміў БелаПАН праваабаронца Алег Волчак. Паводле яго слоў, пра гэта сваякам затрыманых паведаміў у тэлефоннай размове следчы па гэтай справе.

«Гэта стандартная працэдура.

Следства не спраўляецца са сваімі дзеяннямі,
і патрабуе дадатковага часу, каб нешта «накапаць» у дачыненні да падазроных», — сказаў А.Волчак.

Як паведаміў праваабаронца, пакуль ніякіх сур’ёзных следчых дзеянняў у дачыненні да М.Аўтуховіча, Ю.Лявонава і У.Асіпенкі не праводзіцца. «Я размаўляў са сваякамі. Паводле іх інфармацыі, ніякіх допытаў, следчых эксперыментаў і іншых дзеянняў не праводзілася. Усе чакаюць, калі прыедзе следчы, а следчы знаходзіцца ў Гродне», — зазначыў А.Волчак.

Ю.Лявонаў, М.Аўтуховіч і У.Асіпенка былі затрыманы 8 лютага. Санкцыю на затрыманне і вобыск у іх кватэрах даў пракурор Гродзенскай вобласці. 18 лютага ўсім тром было прад’яўлена абвінавачанне па арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). Незалежныя праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі судзімыя і прызнаны «Міжнароднай амністыяй» вязнямі сумлення.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0