27—28 сакавіка міністры замежных спраў краін ЕС ладзяць нефармальную сустрэчу ў Чэхіі. Будзе фігураваць і беларускае пытанне.

Прычым яго ставіць рубам кіраўнік нідэрландскай дыпламатыі Максім Ферхаген, які акурат і лічыць, што цацкацца з рэжымам няма чаго. Пабачым, што атрымаецца ў сухой астачы ад гэтай дыскусіі (у тым ліку і ў персанальным пытанні: ці запрашаць Лукашэнку на ўстаноўчы саміт новай праграмы).

Брусельскія крыніцы тым часам выдаюць кулуарныя таямніцы: чаму тыднем раней Рада ЕС, пацвердзіўшы ўлучэнне Беларусі ва «Усходняе партнёрства», адсунула пытанне пра персанальны запрашальнік. Аказваецца, найболей пашчыраваў галандскі прэм'ер Балкенэндэ.

Маўляў, калі і запрашаць Лукашэнку на ўстаноўчы саміт, то трэба наладзіць такі ж прыём, як дыктатару Мугабэ пазалетась у Партугаліі.

Са слоў карэспандэнта «Радыё Свабода» ў Бруселі Ахта Лоб’якаса, Мугабэ тады «паддалі вельмі вострай публічнай крытыцы, між іншым, з боку Ангелы Меркель. Гэтым разам гэта неабавязкова будзе Меркель, але нехта напэўна ўлупіць яму (у сэнсе — беларускаму кіраўніку. — А.К.) па поўнай праграме».

Дарэчы, вераломны Захад ужо заманьваў Лукашэнку падобным чынам у пастку.

Вялікі скандал разгарэўся ў 1998 годзе на форуме ў Кран-Мантане. І хто б мог падумаць? Запрасілі па-людску, культурна (сам фундадар форуму наведаў Мінск!), а потым — оба-на! — наладзілі такую абструкцыю, што высокі госць мусіць літаральна ляпнуць дзвярыма.

Дадамо, што той візіт адбываўся на фоне каналізацыйнага скандалу з высяленнем заходніх дыпламатаў з Драздоў.

З Прагай, між іншым, таксама звязаны не самыя прыемныя асацыяцыі. У 2002 годзе чэхі вераломна «пракінулі» афіцыйнага кіраўніка Беларусі з візай, калі той захацеў наведаць саміт НАТО. Наступствы скандалу адчуваюцца і дасюль: дайшло да адклікання амбасадараў, і па сёння абедзве місіі — беларускую ў Празе і чэшскую ў нас — узначальваюць часовыя павераныя.

Так што Лукашэнка яшчэ сто разоў узважыць, а ці варта ў траўні ляцець у тую Прагу.

Канечне, пакутлівая дылема можа і не паўстаць увогуле, калі дамогуцца свайго ягоныя непрымірымыя ўнутраныя праціўнікі, што даводзяць Еўропе: запрашальнік у Прагу для «апошняга дыктатара» будзе ў прынцыпе вялікай памылкай!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?