Прававую ацэнку дзеянням удзельнікаў акцыі 25 сакавіка, якія спальвалі партрэты прэзідэнта, дасць пракуратура.

Пра гэта заявіў журналістам у Мінску 27 сакавіка міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў.

Паводле яго слоў, факт спальвання партрэтаў кіраўніка дзяржавы на акцыі апазіцыі зафіксаваны на відэа. Цяпер гэтыя матэрыялы вывучаюцца і затым будуць перададзены ў пракуратуру для вынясення прававой адзнакі.

Наогул, як лічыць кіраўнік МУС, «нічога сур’ёзнага не адбылося».
«Для нас было не нова, што пэўная група будзе дамагацца сутыкнення з міліцыяй, каб паказаць гэта як слабае дэмакратычнае развіццё», — сказаў Навумаў.

Паводле яго слоў, такія мерапрыемствы ўсё больш «вылучаюцца тым», што ў іх удзельнічаюць некаторыя «ярка выражаныя асобы, якія і самі часам забываюць, для чаго сабраліся і якую мэту пры гэтым ставілі, чаму прысвечана гэта дата». Іх, як лічыць міністр, цікавіць «толькі адно — як бы сутыкнуцца і пахуліганіць».

Навумаў таксама дадаў, што яму, як прахожаму, было б непрыемна сустрэць у цэнтры гораду групу людзей, якія нешта скандуюць.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0