Сёлетняя ўрачыстасьць Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Будславе адбудзецца, як і штогод, 2 ліпеня. У іншых касьцёлах яна перанесеная зь нядзелі на суботу, 1 ліпеня 2006 г. 27 чэрвеня зь Менску выйдзе XVІ пешая пілігрымка ў нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе.
Перад дарогаю, якая прадоўжыцца пяць дзён, усе ўдзельнікі пілігрымкі зьбяруцца ў менскім архікатэдральным касьцёле Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, дзе а 8-й гадзіне распачнецца сьвятая Імша ў інтэнцыі пілігрымаў.
Чакаецца, што, акрамя вернікаў зь менскіх парафій, у гэтай пілігрымцы будуць браць удзел вернікі з Бабруйску, Магілёва, Санкт-Пецярбургу і Масквы. Арганізацыйны сход удзельнікаў пілігрымкі адбудзецца ў нядзелю 25 чэрвеня ў архікатэдральным касьцёле (пл. Свабоды, 9) пасьля сьвятой Імшы а 18.30.
Усе, хто жадае пешкі прайсьці зь Менску да нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, могуць запісацца ў пілігрымку ў сваіх парафіях. Кошт удзелу складае 20 тысяч рублёў. Прымаюцца таксама ахвяраваньні ў “фонд салідарнасьці”, каб пакрыць выдаткі за тых, хто ня можа ўнесьці гэтую суму.
Што ўзяць з сабою ў пілігрымку? — Толькі самае неабходнае:
1. Сьвятое Пісаньне (прынамсі, Новы Запавет).
2. Ружанец.
3. Малітоўнік.
4. Дастатковую колькасьць бялізны і прадметаў асабістай гігіены.
5. Зручны лёгкі абутак, добра разношаны (не зашкодзіць мець запасную пару).
6. Перамену вопраткі на выпадак дажджу.
7. Парасон або непрамакальны плашч і кепку або хустачку на галаву.
8. Спальнік з дыванком.
9. Намёт (адзін на некалькі асобаў, па дамоўленасьці зь сябрамі).
10. Цёплае адзеньне (ноччу ў Будславе звычайна халодна).
…а таксама добры малітоўны настрой!
Пілігрымка — падарожжа малітвы! Пілігрыму не пасуе ўжываць алькагольныя напоі і піва, паліць, гуляць у карты і іншыя падобныя гульні, а таксама парушаць агульны для ўсіх парадак, наракаць і скардзіцца.
Поўную і падрабязную інфармацыю пра ўдзел у пілігрымцы можна будзе атрымаць на арганізацыйным сходзе.