У пятніцу міністры замежных справаў Эўразьвязу пачалі двухдзённую нефармальную сустрэчу ў замку Глубока над Влтавай у паўднёвай Чэхіі, доме продкаў чэскага міністра замежных справаў Карэла Шварцэнбэрга.

У гэтых нефармальных абставінах міністры абмяркоўваюць перш за ўсё пэрспэктывы пашырэньня Эўразьвязу на шэсьць балканскіх краінаў — Альбанію, Босьнію і Герцагавіну, Македонію, Чарнагорыю, Сэрбію і Харватыю. Другое важнае пытаньне — запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт Эўразьвязу ў Празе 7 траўня, калі адбудзецца афіцыйная інаўгурацыя Ўсходняга партнэрства..

Пасьля першага дня сустрэчы Шварцэнбэрг сказаў журналістам, што сёньня міністры Эўразьвязу яшчэ ня вырашылі, запрашаць Лукашэнку ці не.

Пазыцыю Эўрапейскай камісіі наконт запрашэньня Лукашэнкі на саміт агучыла Бэніта Фэрэра‑Вальднэр, эўракамісар па замежных сувязях, якая перад нефармальнай сустрэчай міністраў у чэскім замку сказала журналістам, што запрашаць Лукашэнку ўжо сёньня было б зарана.

Міністар замежных спраў Нідэрляндаў Максім Фэрхагэн сёньня ў часе нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС Эўразьвязу ў чэскім Глубока над Влтавай чарговым разам заявіў, што супраць ўдзелу беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі ў травеньскім саміце ў Празе.

Ён лічыць, што падобнае запрашэньне аўтакрата стане свайго роду заплюшчваньнем вачэй на брутальную сытуацыю з правамі чалавека ў гэтай краіне. Паводле Фэрхагэна, «Лукашэнку нельга даваць палітычнай трыбуны».

Як падаюць эўрапейскія СМІ са спасылкай на эўракамісара Бэніту Фэрэра‑Вальднэр,

міністры яшчэ не прынялі канчатковага рашэньня па гэтым пытаньні.

Сама эўракамісар за тое, каб даць Лукашэнку «яшчэ адзін шанец».

Паводле яе слоў, неабходна пачакаць і паглядзець, «як падзеі будуць разьвівацца», маючы на ўвазе свой візыт у Менск у красавіку, сустрэчы зь беларускімі ўладамі ды няўрадавымі праваабарончымі арганізацыямі.

Эўрапейская камісія спадзяецца, што ў яе атрымаецца наладзіць больш шчыльныя сувязі з усімі шасьцю краінамі — удзельніцамі «Ўсходняга партнэрства». Старт гэтай праграмы будзе дадзены 7 траўня на саміце ЭЗ у Празе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?