Удзельнікі нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза, якая праходзіць 27—28 сакавіка ў чэшскім горадзе Глубака, прытрымліваюцца розных пазіцый адносна запрашэння Аляксандра Лукашэнкі на майскі саміт дзяржаў — удзельніц праграмы ЕС "Усходняе партнёрства".

Так, напрыклад, перад пачаткам сустрэчы камісар па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства ЕС Беніта Ферэра-Вальднер выказала меркаванне, што вырашаць пытанне аб запрашэнні прэзідэнта Беларусі на майскі саміт "пакуль яшчэ рана", паведамляюць чэшскія СМІ. Беларусі, лічыць еўракамісар, трэба даць яшчэ адзін шанс для таго, каб краіна "зрабіла далейшыя крокі", аднак якія менавіта, Ферэра-Вальднер не канкрэтызавала.

Супраць запрашэння Лукашэнкі на саміт выступаюць Нідэрланды.
"Мы лічым, што прэзідэнту Лукашэнку нельга даваць палітычную платформу 7 мая", — заявіў у ходзе дэбатаў галандскі міністр замежных спраў Максім Верхаген.
У той жа час кіраўнік МЗС Славакіі Міраслаў Лайчак лічыць, што, калі ЕС жадае наблізіць беларусаў да Еўропы і еўрапейскіх каштоўнасцяў, супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам неабходнае.

Пытанне аб запрашэнні Лукашэнкі на саміт Усходняга партнёрства абмяркоўваўся таксама 25 сакавіка на пасяджэнні Еўрапарламента ў Страсбургу. Як паведаміла РІА Новости са спасылкай на прадстаўніка прэс-службы Еўрапарламента, многія парламентарыі ў ходзе дэбатаў выказаліся супраць запрашэння А.Лукашэнкі ў сувязі з тым, што беларускія ўлады працягваюць парушаць правы чалавека.

У пачатку красавіка на сесіі ў Бруселі Еўрапарламент плануе прыняць рэзалюцыю па Беларусі. Галасаванне будзе праводзіцца па выніках дэбатаў, якія адбыліся ў Страсбургу.

Нагадаем, 20 сакавіка лідэры краін ЕС ухвалілі новую праграму "Усходняе партнёрства" з удзелам шасці постсавецкіх краін — Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны.

Саміт Усходняга партнёрства павінен прайсці 7 мая ў Празе або Бруселі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?