Альбом «Малітвы вайны» гурту «Крывакрыж» выклікае спачатку збянтэжанасць, потым - рогат, а ўрэшце - гнеў. Піша Сяргей Богдан.

Вось, прыкладам, песня «Масква»: «Дзе туляліся хіжа туды‑сюды // Тыя, людам каго не назваць, — // Там ізь яблыняў дзікіх цьвітуць сады // І нябёсам наўсьцяж панаваць».

Ці гэта таленавіты сьцёб над нэапаганска‑балта‑ліцьвінскай ідэалёгіяй, ці гэта радыкальная культурная альтэрнатыва? Музычныя інструмэнты крывакрыжаўцы асвоілі раней і лепш за беларускую мову. Таму ў іх «як і раней, коні свішчуць», «крыўляліся шпілямі купалы», «цагліны драпежна плылі сцяной», «парастала агнём крапіўё»

Яшчэ больш камічны эфэкт ствараюць ідэалягічныя прэтэнзіі, выяўленыя вось такой мовай.

Тэксты нагадваюць постмадэрнісцкія слоўныя гульні, але, праўдападобна, іх аўтар, Алесь Мікус, ствараў гэтыя тэксты ўсур’ёз дзеля пашырэньня сваіх ідэяў. Таму агульны тон іх ‑‑ бязьмерны патас і гераічная рыторыка.

Да дзэнскіх развагаў над сэнсам бязглузьдзіцы прымушаюць выразы «твары дзядоў на гарышчы», «тых, хто нас моліць, мы самі намолім», «здробнелі ворагі, ўзьніклі драбіны», «хто быў замкнуў нас ад нашых гарышчаў», «сэрцам дрышча».

Побач зь летувіскімі запазычаньнямі – як то дайны (замест «песьні») — ёсьць нямала малазразумелых словаў – цурок (ручай?), павек, пераж.

Іншыя рэальна існуючыя словы, аднак, таксама кампануюцца так, што сэнсу не перадаюць — «каб асілкам сілком не змалець», «у сонца жыцьцё наліваць», «каб там пабачыць мудрасьці зьмяі».

Стане ясна, хто тут літвін

Зважаючы на поўную бяссэнсіцу тэкстаў з пункту гледжаньня беларускай мовы, паўстае пытаньне, як жа могуць успрымацца гэтыя тэксты аўдыторыяй.

Аляксей Дзермант, рэклямуючы «Малітвы вайны», намякае, што ня кожны патрапіць іх зразумець, і кажа, што гэты альбом дазваляе правесьці яснае разьмежаваньне, хто тут беларус, а хто літвін. Але падаецца, што

гэты альбом ня можа быць зразуметы нікім, а толькі можа быць успрыняты пэўнай экзальтаванай аўдыторыяй, арыентаванай на захапленьне ад пэўных словаў‑стымулаў, словаў‑заклёнаў.
Песьня будзе ўспрымацца нават калі яна будзе складацца са словаў «бу‑бу‑бу», але паміж «бу» будуць устаўляцца пэўныя словы, што стымулююць эмацыйнае ўзварушэньне рэцыпіентаў – Літва, багі, Крыўя, вайна, Масква, агонь, Смаленск і г.д. Ва ўсім альбоме толькі тэксты Караткевіча і Казлоўскага, а таксама адзін тэкст самога завадатара гурту («Белы легіён») могуць быць названыя зьвязнымі. Рэшту інакш як рытмічна прамаўляным хаосам словаў і гукаў не назавеш.

У зьвязку з тым, вельмі трапнай падаецца фармулёўка песьні «З прошчы» — «Мы тыя, хто ў вадзе расклаў агонь». Карціць дадаць — «піша віламі па вадзе», «косіць сабакам сена», «лье ваду ў рэшата» ды г.д. Такія варыянты самаідэнтыфікацыі, аднак, больш пасуюць панкам, чым людзям, што цьвердзяць пра Валадарства Духу і Традыцыю.

Мы приветствуем вас, о родная нам Тверь

Якія ідэі гэтак карава спрабуюць выказаць аўтары альбому?

Мілітарызм «Крывакрыжа» неўтаймоўны: «Я паеду заўтра на вайну, // Як было адгэтуль і заўсёды. // Я здабуду блаславеньня сотаў, // Мёду мужнасьці сабе вазьму». Сэнсавай нагрузкі гэтыя радкі не нясуць, аднак імкненьне ваяваць ясна выражанае. Хто гуляе ў пэйнтбол, а хто рыфмуе «Малітвы вайны».

Крывакрыжаўцы апяваюць у сваіх творах літоўскі экспансіянізм на расейскія абшары. Прыкладам, ёсьць тэкст «Великая Литва», складзены па‑расейску ды адметны сваім мэсіянізмам. Аўтар яго прагне даць волю «забраным братам» у Расеі, вярнуць іх пад цень балтыйскіх дубоў. «Власть Великой Литвы, а не своры бродяг, Пробуждённые земли взалкают». Тут жа ўдакладняюцца і тэрытарыяльныя апэтыты:

«Пусть бушует Двина, разъяряется Днепр // И навечно Московия сгинет. // Мы приветствуем вас, о родная нам Тверь, // О Смоленск, братний нам и поныне».

Акопы пад Іржэвам

Сумневы наконт таго, Крывакрыж – гэта сьцёб ці ўсур’ёз, спыняе маніхвэст (цяжка назваць рэцэнзіяй такі патасны тэкст) вялікага сымпатыка «Крывакрыжа» Аляксея Дзерманта, вядомага сваімі намаганьнямі ў галіне папулярызацыі паганскай культуры Беларусі. Паводле Аляксея, «Малітвы вайны» — гэта гімны «харобрай Літвы», музыка для ўздыму баявога духу на пераможную бітву беларускіх хлопцаў, якія ў складзе штурмовых атрадаў рыхтуюцца да наступу на Пскоў і Цьвер у акопах пад Іржэвам! Гэткую камбатыўнасьць пікантна адценьвае рыфэншталеўскі эратызм: «Зброя шматкроць правераная, ззяе ад руплівай чысціні і, як людзі, толькі чакае загаду. Целы загартаваныя і гатовыя да смяротнага ходання ў сталёвых навальніцах».

Эпітэтаў ды гучных словаў для «Малітваў вайны» ён не шкадуе – гэта і «музычны маніфест вялікалітоўскай імперыі», і «валявыя словы і геапалітычныя візіі адносна ўсходняга суседа», і альбом, здатны «гэтак схамянуць тутэйшую твань, каб з яе адрадзіўся Космас».

Сп. Дзермант ня стрымлівае сябе ў ваяўнічасьці. «Кожны сам абірае, кім быць — «мірным беларусам» савецкага гімну, «бульбашом» звыродніцкіх шлягераў альбо «харобрай Літвой», якая зноў вяртаецца на покліч Крывакрыжа». Як бачым, усьлед за савецкімі гімнамі ён не лянуецца пнуць і «беларусаў». Колькі ж яшчэ нігілізму мы мусім пачуць, каб займець самапавагу і нарэшце спыняць такія тэксты ў беларускім друку?

Нельга абмінуць іншую дзіўную дэталь, а менавіта наіўнасьць і інфантыльнасьць ідэалягічных разважаньняў Дзерманта і крывакрыжаўцаў. Вэрбальная гіпэрагрэсіўнасьць і літуанафільства ёсьць падставовымі элемэнтамі іх ідэалёгіі. Захоплена пераймаючы гучныя фразы замежных ультраправых, яны не цураюцца тэрміналёгіі, якую ўжывалі нямецкія нацысты.

Аляксей піша: «Пскоў, Цвер, Смаленск, Бранск — гэта ключавыя кропкі нашага жыццёвага абшару, якія павінны быць вызваленыя ад маскоўскага іга».

Жыцьцёвы абшар ‑‑ «лебэнсраўм» ‑‑ быў падставовым паняткам у геапалітычным ідэалягічным вучэньні Нямецкага Райху, на падставе яго абгрунтоўвалася неабходнасьць вынішчэньня мясцовага насельніцтва на ўсходзе Эўропы, у тым ліку і беларусаў. Але тут ёсьць і іншы цікавы момант – гэты панятак яшчэ меў пэўны (перакручаны і жахлівы) сэнс у эканамічнай структуры эўрапейскіх грамадзтваў канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя, але стаў поўным глупствам пасьля інтэнсіфікацыі вытворчасьці і трансфармацыі эканомікі ўжо ў другой палове ХХ стагоддзя. Немцам былі патрэбныя чужыя гарады, палі і лугі, каб расьсяліць лішняе насельніцтва ды вырошчваць збожжа і кароў, а сваёй зямлі не хапала, але гэта было актуальна гадоў 100 таму.

Крывакрыжаўцы ж і сёньня шукаюць новага «жыцьцёвага абшару». Мусіць, прагнуць засеяць бульбай прастору ад Беластоку да Цьверы ды справіцца зь перанаселенасьцю Беларусі (ці які край яны лічаць сваёй радзімай?). Але ж Беларусі не пагражае (нават тэарэтычна) ніякая перанаселенасць.

Ніякае ані эканамічнае, ані геапалітычнае, ані духоўнае патрэбы Беларусі ў тых дазвання зрусіфікаваных Смаленску і Цвяры няма.
Прэтэнзіі на жыцьцёвы абшар – дзіцячая пераробка чужых тэорый. Яна глядзелася б проста сьмешна, калі б не адна акалічнасьць – тыя тэорыі залітыя крывёй, у тым ліку беларускай.

У ХХІ стагоддзі панятак «лебэнсраўму» настолькі недарэчны, што сёньня нават эўрапейскія ўльтраправыя (асобныя вэтэраны СС ня ў лік) даўно ўжо не апэруюць гэткімі паняткамі, а цягаюць новыя пудзілы накшталт «дэмаграфічная экспансія», «барацьба зь міграцыяй». Сп. Дзермант жа і «Крывакрыж» шчасьліва жывуць ідэямі 1930‑х гадоў.

Аляксей Дзермант у сваёй рэцэнзіі падтрымлівае ваяўнічасьць «Крывакрыжа», рамантычна, але патасна ўхваляючы бразгатаньне зброяй. Гэта павялічвае адчуваньне абсурднага трэшу, бо падазраю, што ні ў адной зоне ўзброенага канфлікту згаданыя асобы не былі нават у якасці відавочцаў, і сьвісту куляў ня чулі, хаця і чулі сьвіст коней (белых?).

«Крывакрыж» – гэта ня сплаў досьведу мастацкай творчасьці і ўзброенага гвалту ў стылі Гемінгуэя, Місімы ці д’Анунцыё, якія пісалі і стралялі, стралялі і пісалі.

«Крывакрыж» – гэта гульня «ў вайнушку» для дарослых, якая выдаецца за нешта глыбокае,
а дзеля таго выклікае адно зьдзіўленьне. Дзермант называе «сьцёбам» НРМ і Нэйрадзюбэль. Між тым тэксты «Крывакрыжу» шмат больш адпавядаюць гэтаму азначэньню.

* * *

Як эпатажныя выбрыкі «Гарлівага Літвіна» (А.Белага), так і тупіковыя культурніцкія ініцыятывы тыпу «Крывакрыжа» толькі зьмяншаюць магчымасьці для інтэграцыі ліцьвінскага складніка, вялікалітоўскае традыцыі ў беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць,
бо ператвараюць ліцьвінства ў недарэчную дактрыну купкі дзівакоў або бутафорскі гардэроб для рыцарска‑музычных ігрышчаў у стылі талкіеністаў. Яшчэ колькі такіх інцыдэнтаў, і «ліцьвінства» як ідэалёгія ў Беларусі будзе пахаванае.

Альбом «Крывакрыжа», як і некаторыя іншыя «балцка‑паганскія» ініцыятывы ня мае дачыненьня да беларускага нацыяналізму. Больш за тое, такія пачынаньні нярэдка скіраваныя на падрыў нашага нацыянальнага руху і яго дыскрэдытацыю праз прапаганду ідэяў, якія могуць выклікаць асацыяцыю ці ёсьць рэальна зьвязанымі з нацызмам і фашызмам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?