Фота svaboda.org

Фота svaboda.org

Іспанія вельмі зацікаўлена ў тым, каб яе старшынства ў Еўрасаюзе пачалося з поўнай нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і ЕС.

Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Іспаніі Мігель Марацінас у размове з журналістамі пасля перамоў з кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Мартынавым у Мінску 30 сакавіка.

Паводле слоў дыпламата, Іспанія таксама зацікаўлена ў тым, каб падчас яе старшынства ў ЕС, якое пачнецца 1 студзеня 2010 года, быў падпісаны першы базавы дагавор паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, які вызначыць адносіны бакоў. «Каб гэта адбылося, мы павінны цалкам пакончыць з санкцыямі, якія з’яўляюцца механізмамі ўчарашняга дня, — зазначыў М.Марацінас.

— Мы выступаем за дыялог і рады, што нашы намаганні па ўключэнні Беларусі ва Усходняе партнёрства ўвянчаліся поспехам».

М.Марацінас зазначыў, што Іспанія цяпер старшынствуе ў Радзе Еўропы. «Я выкарыстаў гэты візіт, каб яшчэ раз заявіць аб нашай падтрымцы збліжэння Беларусі і Савета Еўропы, — сказаў дыпламат. — Разлічваем, што ў найбліжэйшы час Беларусь зноў атрымае статус спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ».

Іспанскі дыпламат падкрэсліў, што ў будучыні Беларусь павінна стаць паўнавартасным членам Рады Еўропы.

Марацінас працуе міністрам ва ўрадзе Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі. да якой належаў і Хаўер Салана.

інф. БелаПАН; МБ

Лукашэнка: Беларусь мае намер выбудоўваць цесныя ўзаемаадносіны з Еўрасаюзам.

Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў намер Беларусі выбудоўваць цесныя ўзаемаадносіны з Еўрасаюзам. Аб гэтым ён паведаміў сёння на сустрэчы з міністрам замежных спраў і супрацоўніцтва Каралеўства Іспанія Мігелем Марацінасам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, мы хацелі б самых добрых адносін з нашымі суседзямі — Еўрапейскім саюзам.
Згадзіцеся, жыць у XXI стагоддзі і глядзець адзін на аднаго праз агароджу — перспектыва не зусім добрая», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу міністр замежных спраў і супрацоўніцтва Іспаніі адзначыў, што для яго гэта гістарычны візіт, і перадаў цёплыя прывітанні ад караля Іспаніі Хуана Карласа І і прэм’ер‑міністра краіны. Ён падкрэсліў, што для Іспаніі, дзеючага старшыні Савета Еўропы і будучага старшыні ЕС, вельмі важна ўстанавіць кантакты з Беларуссю.

Мігель Марацінас упэўнены, што гэты візіт надасць добры імпульс развіццю двухбаковых адносін ва ўсіх галінах. Ён паведаміў, што дасягнута дамоўленасць аб тым, што ў бліжэйшы час будзе арганізаваны візіт прадпрымальніцкіх колаў Беларусі ў Іспанію, а пазней — іспанскіх бізнесменаў у Беларусь. «Ваша геаграфічнае становішча — суседства з Еўрасаюзам і Усходам — надае важнае значэнне Беларусі. Выдатна, што ў вас такія добрыя адносіны з Расійскай Федэрацыяй. Безумоўна, вельмі вялікі шанц мець такія ж добрыя адносіны з Еўрапейскім саюзам», — падкрэсліў міністр.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0