У Беларусі павялічваецца колькасць дзяцей, якія хварэюць на аўтызм, паведаміла 30 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску галоўны псіхіятр Міністэрства аховы здароўя Святлана Дзялендзік.

У 2008 годзе пад назіраннем псіхіятраў знаходзілася 338 такіх дзяцей, у 2007-м –– 307, у 2006 годзе — 280.

Самае высокае захворванне ў краіне адзначаецца ў Брэсцкай вобласці (67 хворых на аўтызм у 2008 і 2007 гадах, 53 –– у 2006-м) і Мінскай вобласці (у 2008 годзе –– 65, у 2007-м –– 60, у 2006 годзе –– 53). У Мінску зарэгістравана 66 хворых на аўтызм дзяцей (у 2006 годзе –– 53, у 2007 годзе –– 67).

Характэрна, што ў Беларусі дыягназ "аўтызм" часцей за ўсё ставяць дзецям у тры-чатыры гады, у той час як першыя сімптомы захворвання прыкметны ў дзіцяці ўжо ў немаўляцкім ўзросце.

Паводле слоў галоўнага псіхіятра, распаўсюджанасць аўтызму ў свеце вагаецца ад 40 да 45 выпадкаў на 10 тыс. нованароджаных.
Гэта больш, чым, да прыкладу, распаўсюджанасць такіх захворванняў, як дзіцячая глухата, слепата або сіндром Даўна. Рост хворых на аўтызм дзяцей, зазначыла спецыяліст, тлумачыцца "больш дакладнай дыягностыкай захворвання" і наяўнасцю высокакваліфікаваных спецыялістаў, здольных яго дыягнаставаць.

Галоўны псіхіятр падкрэсліла, што ў 1970—1980 гады назіраўся ўсплёск навуковых даследаванняў аўтызму, і гэта палепшыла дыягностыку захворвання. С.Дзялендзік зазначыла, што сярод прычын аўтызму вучоныя называюць генетычны фактар.

Аўтызм – цяжкае псіхічнае захворванне, якому ўласціва скажонае развіццё псіхікі дзіцяці.
Большасць хворых дзяцей часткова або поўнасцю адмаўляюцца ад кантактаў з навакольнымі. У іх назіраецца інтэлектуальнае недаразвіццё. У 55—60% аўтычных дзяцей назіраецца глыбокая разумовая адсталасць, у 15—20% –– лёгкая разумовая адсталасць.

Алена Спасюк, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0