Механіка падману геніяльна простая: у скарочаны працоўны тыдзень людзі заняты па тры‑чатыры дні, а «сярэднія» грошы выводзяцца як за ўсе пяць.
Сёння на Гарадзеншчыне каля дзвюх тысяч малых і вялікіх прамысловых прадпрыемстваў. І паўсюль — змяншэнне выпуску прадукцыі ды аб’ёмаў продажу, скарачэньні. Атрымліваюць жа, кажа статыстыка, практычна як і раней.
Што за дзівосы такія? Дзе гэта ў нас людзі так нажываюцца на крызісе, што ў сярэднім нічога не мяняецца?
Прадстаўнік Беларускага незалежнага прафсаюза на Гродзеншчыне Анатоль Хацько патлумачыў гэтыя хітрыкі: статыстыка выводзіцца зараз з колькасці рэальна адпрацаваных дзён за месяц, то бок фактычна размова не пра сярэднямесячны заробак!
Вось тлумачэнне, так бы мовіць, «на пальцах»: калі рабочы працаваў два дні на тыдзень, то гэты сярэдні двухдзённы памнажаецца на пяць і выдаецца як тыднёвы… А за ім і гэтаксама надуты месячны заробай. Па статыстыцы — як і раней маем, а ў жыцці даводзіцца класці зубы на паліцу.
Насельніцтва праз статыстыку начальнікі дураць, але выдатна разумеюць — хутка падман стане відавочным нават для самых эканамічна цёмных, і тады…
Каб тое «тады» адцягнуць надалей у спадзеве на нейкі цуд, кіраўніцтва Гарадзеншчыны абавязала дзеля канцэнтрацыі фінансавых сродкаў не пачынаць ніякіх рэканструкцый і рэстаўрацый і, па магчымасці, іх прыпыніць і не праводзіць.
Адначасова дзеля выратавання ўсё таго ж «дзьмутага» сярэдняга заробку актыўна праводзіцца палітыка так званага «ціхага» звальнення — чым менш людзей, тым «сярэдні» зноў жа вышэй.
Чыноўнікі могуць гэты аргумент парыраваць: маўляў, гляньце на біржы працы — нямашака народу!
Зноў такі падман: а хто туды асабліва пабяжыць — хіба там шмат нармальных вакансій? Вось і цягнуцца звольнены люд у скрытныя сектары эканомікі.
Тым часам Людміла Крэз, намеснік кіраўніка аддзела працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Гарадзенскага аблвыканкама, дырэктар цэнтра занятасці аптымістычна сведчыць: колькасць шукальнікаў працы нават зменшылася ў параўнанні з мінулым годам.
Але гэта — проста хітрыкі. Людзі ў працаўладкаванні спадзяюцца ў асноўным на сябе.
Толькі з завода аўтаматычных агрэгатаў, які ў мінулым годзе стаў структурным падраздзяленнем «Белкарда», за апошнія месяцы
звольнілася каля 60 рабочых, бо маюць ўсяго па 200‑300 тысяч.Прычым калі раней высокакваліфікаваных станочнікаў, токараў, фрэзероўшчыкаў хіба ці не сілком утрымлівалі на прадпрыемстве, то цяпер да звальнення кіраўнікі адносяцца, як ад збаўлення галаўнога болю.
У гэтай сітуацыі дзіўна іншае: нават звольненыя і прадастаўленыя самім сабе людзі адмаўляюцца казаць пра рэальны стан на прадпрыемствах. Прадстаўнік незалежнага прафсаюзу патлумачыў і гэта: існуе інфармацыйны, так бы мовіць, абмен паміж начальствам — калі чалавек нешта скажа ў адрас кіраўніцтва ранейшага завода, гэта адразу стане вядома на тым, куды ён хоча ўладкавацца. У выніку шанцаў на ўладкаванне «пратэстантам» ніякіх. А ў многіх яшчэ і жанкі працуюць побач — вось і маўчаць, не кпяць з «сярэдняга» свайго заробку, а ў выніку ствараюць ілюзію, што ён — не надзьмуты, а рэальны.
Аднак як бы ні хавалі чыноўнікі спраўдны стан вытворчасці, імітываць аптымізм хутка будзе немагчыма. Ужо пачалася масавая затрымка заробку, а пасля яе прыйдзе час нявыплат.