У мястэчку Забалаць, што ў Воранаўскім раёне (Гарадзенская вобласць), падчас будаўніцтва качагаркі былі адкапаны чатыры званы.

Як расказала сакратар мясцовага сельсавета Марыя Кандратовіч, сёння ніхто дакладна не ведае, калі і кім яны былі схаваны. Хутчэй за ўсё, людзьмі веруючымі, пажылымі, якіх даўно ўжо няма на белым свеце. Магчыма, яны і перадавалі сваякам з вуснай у вусны гэтую тайну, аднак і тыя сваякі ўжо ляжаць у зямлі.

Званы касцёльныя, паколькі забалоцкае насельніцтва на 90 працэнтаў каталіцкага веравызнання. Яны былі закопаны на месцы былых хлявоў, а яшчэ раней, як сцвярджаюць старажылы, там стаяла каплічка.

Калі знаходкі ачысцілі ад гразі, на адным звоне прачыталі надпіс: 1817 год.

Адзін са званоў мае дыяметр каля 50 сантыметраў, а астатнія невялікіх памераў. Па словах жыхароў Забалаці, званоў можа быць і больш, але яны схаваны ў іншых месцах.

Званы маўчаць і пра людзей, якія іх выратавалі, і пра гісторыю свайго пахавання. Аднак, хутчэй за ўсё, яны былі схаваны пад зямлю ад пераплаўкі ў перыяд разгулу атэізму, напрыканцы 1950‑х гадоў, калі вернікі з Заходняй Беларусі маглі назіраць, як падалі на зямлю званы храмаў — іх сцягвалі з разбураных званніц вяроўкамі актывісты‑камуністы.

Забалоцкія званы былі ўвезены міліцыянерамі ў Воранава.

Алесь Васількоў, газета «Свабода»

 Фота prosto-free.livejournal.com

Фота prosto-free.livejournal.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0