Што ні кажы, а пасьля леташняй расейска‑грузінскай вайны Беларусь зноў трапіла ў паласу палітычнага шанцаваньня. Пасадзілі сінявокую на канвэерны пас і вязуць у Эўропу. А яна дзеля гэтага нічога ня мусіць рабіць — адно не напівацца занадта, каб з паса не зьляцець.

Я такога ўжо даўно ня помню. Дакладней, помню, але яно было так даўно, што пераважная большасьць маіх сёньняшніх чытачоў тады і не падазравала, што ёй давядзецца яшчэ ў гэтым жыцьці размаўляць і чытаць па‑беларуску.

Падобнае было летам 1991 году, калі пасьля п’янага путчу ў Маскве Беларусь трапіла на канвэер аб’яўленьня постсавецкіх незалежнасьцяў.

Ці я не перабольшваю, стаўляючы побач аб’яўленьне незалежнасьці і далучэньне Беларусі да Ўсходняга партнэрства? У маім разуменьні — ні трохі.
У 1991‑м выбіраўся вэктар, скіраваны ў супрацьлеглы бок, чым той, дзе была Расея. І ў 2009‑м, як ні круці, тое ж самае. Таму менавіта Масква і выклікае Аляксандра Рыгоравіча раз‑пораз то ў Сочы, то яшчэ куды, каб узгадніць «розначытаньні».

А ўсе іншыя вэктары, якія ў міжчасе Аляксандар Рыгоравіч накіроўваў ці то на Багдад, ці то на Пэкін, былі ня болей чым дзяціннымі забавамі.

Ну а што з вэктарам, накіраваным на Маскву? Гэта таксама дзяцінная забава?

Гэта Realpolitik. Хто б ні кіраваў Беларусьсю (Пазьняка не выключаючы), у яго абавязкова будзе свой маскоўскі вэктар. Так бы мовіць, пастаянны практычны вэктар. Бо калі ня будзе такога вэктара, то і самога кіраўніка Беларусі ня будзе. Трэба ж выконваць народную волю…

Калі ўзяць пад увагу, што Беларусь афіцыйна запрасілі да ўдзелу ва Ўсходнім партнэрстве і што Менск папярэдне адказаў на запрашэньне «так», не ўключаючы пытаньня аб прызнаньні Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ў парадак дня красавіцкай сэсіі нацыянальнага сходу, дык можна сказаць, што найважнейшае ў палітычным жыцьці Беларусі ў гэтым годзе ўжо адбылося. Далей, зразумела, могуць быць розныя зыгзагі і танцы вакол гэтай ідэі, але цягнік скрануўся зь месца. Так, як у 1991 годзе скрануўся цягнік, які павёз беларусаў у дзяржаўную незалежнасьць. Народ быў у неўразуменьні, але ж зь цягніка не сыходзіў.

Пытаньне, хто зь Менску паедзе ў Прагу на саміт 7 траўня, для Беларусі насамрэч другаснае.
І калі добра прыкінуць, дык
Лукашэнку нашмат карысьней застацца ў Менску, а паслаць у Прагу міністра замежных спраў Сяргея Мартынава.
Чаму?

Па‑першае, гэта ж Беларусь запрашаюць ва Ўсходняе партнэрства, а не Лукашэнку. Не паехаўшы ў Прагу, Лукашэнка дасьць усім ясна зразумець, што існуе ўсё‑ткі нейкая Беларусь у дадатак да ягонай асобы. Інакш кажучы, такі крок пакажа, што ён думае як шырокафарматны дзяржаўны муж, а не як маладушны сатрап.

Па‑другое, ня варта Лукашэнку, які хоча вярнуцца ў эўрапейскія палітычныя салёны, пачынаць гэтае вяртаньне ад сварак і абмену наўрад ці прыемнымі рэплікамі ў Празе з усімі, хто хоць што‑колечы значыць у эўрапейскай палітыцы. Усім не спадабаесься, лепш разьмякчваць кожнага паасобку.

Па‑трэцяе, ня варта Лукашэнку нарывацца на дадатковы гнеў Масквы і абструкцыю Грузіі пры гэтай векапомнай нагодзе. Няхай у Маскве думаюць, што Эўропа Лукашэнку даняла. А ў Тбілісі няхай думаюць, што ў Менску пра грузінаў думаюць не зусім каб кепска.

Па‑чацьвертае, калі Лукашэнка хоча неяк адпомсьціць эўрапейцам за тое, што яны не запрасілі яго на саміт Рады эўраатлянтычнага партнэрства ў Празе 21—22 лістапада 2002 году, дык ён можа гэта зрабіць пры дапамозе міністра Мартынава. Спадар Мартынаў, пры поўнай павазе да яго як да кар’ернага дыплямата, не такі чалавек, які можа публічна сказаць нешта сваё, нестандартнае. Ён прачытае ўсё, што яму напішуць у Менску ў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Так, як прачытаў, не міргнуўшы вокам, жорсткі тэкст Лукашэнкавага выступленьня ў Празе ў лістападзе 2002, калі быў амбасадарам Беларусі ў Бэльгіі і адначасова амбасадарам пры структурах НАТО.

Варта нагадаць, што тады Мартынаў назваў адмову выдаць чэскую візу для Лукашэнкі «выродлівым рудымэнтам халоднай вайны», «недастойным актам», «беспрэцэдэнтным крокам». А ўсіх тых, хто прыняў такое рашэньне, абвінаваціў у палітычнай няшчырасьці і безадказнасьці, дваістых стандартах, «адкрытым самавольстве» і «прымітыўным шантажы». Такая тады была менская рыторыка.

І, па‑пятае, Мартынаў скажа толькі тое, што яму напішуць. А Лукашэнка яшчэ ж адхіляецца ад напісанага…

Карацей,

калі ў Празе ў траўні ўсё пройдзе больш‑менш культурна і без калгаснага скандалу, можна будзе паціснуць адзін аднаму рукі і павіншаваць усіх з пачаткам канца эпохі «выродлівых рудымэнтаў» у беларускай палітыцы.
«Рудымэнты», безумоўна, нікуды адразу ня дзенуцца, але эпоха (і Эўропа) пачнуць працаваць дзеля поўнага іх выдаленьня.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?