У Мінску адкрылася другая сесія нацыянальнага сходу Беларусі 4‑га склікання.

.

Як заявіў, выступаючы ў Авальнай зале, старшыня палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, у парадак дня другой сесіі парламента ўключаны

34 пытанні. Плануецца разгледзець 16 законапраектаў у першым чытанні і 11 — у другім. Апрача таго, гатовы да разгляду тры ратыфікацыі міжнародных пагадненняў і чатыры прэзідэнцкія дэкрэты.

Спікер адзначыў «актыўную працу» дэпутатаў ніжняй палаты ў міжсесійны перыяд. Паводле слоў Андрэйчанкі, адной з асаблівасцей гэтага перыяду стала «актывізацыя адносін з еўрапейскімі міжпарламенцкімі структурамі».

У першы дзень працы парламентарыі разгледзяць 15 пытанняў. У першым чытанні плануецца абмеркаваць законапраекты аб парадку выезду з Беларусі і ўезду ў краіну беларускіх грамадзян, аб унясенні змяненняў у некаторыя законы па пытаннях адукацыі.

У другім чытанні будуць разглядацца законапраект аб дзяржаўнай ахове, а таксама папраўкі ў законы аб дарожным руху і па пытаннях сацыяльнай абароны грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварый.

У парадку дня першага пасяджэння парламента таксама значыцца ратыфікацыя дагавора паміж Беларуссю і Сірыяй аб прававой дапамозе па грамадзянскіх і крымінальных справах і канвенцыі паміж Беларуссю і Лівіяй аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і прадухіленні ўхілення ад выплаты падаткаў на прыбыткі.

Варта зазначыць, што ў папярэдні праект парадку дня вясенняй сесіі нацыянальнага сходу не ўключана пытанне аб прызнанні Беларуссю незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

***

2 красавіка ў Мінску пачала працу другая сесія савета рэспублікі 4‑га склікання.

Ва ўступным слове спікер верхняй палаты Барыс Батура зазначыў, што ў сітуацыі сусветнага фінансавага крызісу Беларусі неабходна «вытрымаць удары сусветнага рынку, захаваць высокі ўзровень сацыяльна‑эканамічнага развіцця, забяспечыць сваю энергетычную і харчовую бяспеку». Для гэтага, паводле яго слоў, у краіне мабілізаваныя ўсе рэсурсы, і кіраўніцтва дзяржавы рабіць захады па пераадоленні наступстваў сусветнага крызісу.

«Са свайго боку, мы, парламентарыі, павінны аператыўна ствараць трывалы прававы падмурак для гэтых працэсаў», — сказаў Б.Батура.

Паводле яго слоў, цяпер парламент надае асаблівую ўвагу пытанням лібералізацыі ўмоў гаспадарання і стымуляванню прадпрымальніцкай ініцыятывы. Так, на вясенняй сесіі будуць разгледжаны папраўкі ў законы аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі, аб пакрыцці банкаўскіх расходаў фізічных асобаў. Як зазначыў Б.Батура, прыняцце гэтых законаў дазволіць спрасціць працэдуры ажыццяўлення валютных аперацый, звязаных з экспартам тавараў і паслуг, павысіць давер насельніцтва да банкаў.

Спікер паведаміў, што рыхтуецца да разгляду законапраект аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. У ім прадугледжана стварэнне «цэласнай інфраструктуры такой падтрымкі, аж да фінансавай дапамогі».

Паводле слоў Б.Батуры, адной з асноўных задач парламента з’яўляецца прыняцце законаў, скіраваных на ўдасканаленне падатковай сістэмы. Да такіх ён аднёс найперш праект Асаблівай часткі Падатковага кодэкса.

Як зазначыў, Б.Батура, на сесіі таксама будзе прадоўжана праца над законапраектамі ў сферы аховы здароўя, сацыяльнай абароны грамадзян, прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя, нацыянальнай бяспекі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0