Родныя сьцены вярнулі беларускіх удзельнікаў перамоўнага працэсу па цане на газ, што прыехалі на радзіму пасьля «пасьпяховых» перамоваў 23 чэрвеня ў Маскве, на старую лінію абароны.

«Такой цаны, як 200 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў, для Беларусі ня можа існаваць увогуле, магчыма, толькі ў далёкай будучыні», - заявіў адзін з пастаянных удзельнікаў перамоўнага працэсу Дзьмітры Казакоў.

Няўлоўны генэральны дырэктар ААТ «Белтрансгаз», якога ўчора журналістам усё-такі ўдалося вылавіць на газакампрэсарнай станцыі ў п. Міханавічы дзякуючы віцэ-прэм’еру Сямашку (яны разам на станцыю езьдзілі), пракамэнтаваў перамовы з кіраўніком «Газпрому» Аляксеем Мілерам, якія адбыліся 23 чэрвеня ў Маскве.

«Пазыцыя беларускага боку прадугледжвае апору на дамоўленасьці ў рамках Саюзнай дзяржавы… Цэнаўтварэньне для Беларусі ў першую чаргу павінна ажыцьцяўляцца ў рамках адэкватнага павелічэньня цаны на газ унутры Расеі… Значнасьць пытаньня тут дужа вялікая – гэта дабрабыт ня толькі беларускага, але і расейскага народу», - агучыў вядомыя аргумэнты Казакоў.

У выніку ўсе пачулі, што Беларусь згодная толькі на цану Смаленскай вобласьці, ну і вядома ж, што ні пра які продаж прадпрыемстваў расейскаму «Газпрому» ня можа быць і гаворкі.

«Падчас апошніх перамоваў, вядома ж, не абмяркоўвалася магчымасьць продажу беларускіх прадпрыемстваў у кошт пагашэньня цэнаў на газ, якія нібыта падвышаюцца. У часе перамоваў выпрацоўваліся падыходы па рэалізацыі сумесных інвэстыцыйных праектаў у інтарэсах двух бакоў. У прыватнасьці, мы запрашаем «Газпром» да разьвіцьця нашага прадпрыемства «Гродна-Азот», гэта ў інтарэсах «Газпрому» і Беларусі, …будаваць супольнымі намаганьнямі падземнае сховішча газу ў Мазыры», - расказаў усё, як было на самой справе, кіраўнік Белтрансгазу.

Толькі ў апублікаваным па выніках сустрэчы Мілер-Сямашка-Казакоў прэс-рэлізе ААТ «Газпром» ад 23 чэрвеня гаворыццца, што «праца па складаньні сьпісу актываў ды іх ацэнцы будзе ўлічваць павышэньне цаны на расейскі газ для Беларусі з 2007 годзе. У якасьці незалежнага ацэншчыка, па ініцыятыве беларускага боку, вызначаны банк АБН Амро». Дый ці мала што пішуць у нейкіх там прэс-рэлізах.

У адказах на пытаньні Казакоў не забыўся згадаць і пра праект стварэньня газатранспартнага прадпрыемства: «Лічу, што па пытаньні стварэньня супольнага прадпрыемства будзе станоўчы вынік сёлета». І пра будаўніцтва другой ніткі газаправоду Ямал-Эўропа. «Мы абавязкова прыйдзем да будаўніцтва другой чаргі газаправоду Ямал-Эўропа. Пры пракачцы цераз тэрыторыю Беларусі аднаго мільярда кубамэтраў газу ў бок Эўропы «Газпром» эканоміць каля 22 мільёнаў даляраў».

Яшчэ высьветлілася, што Беларусь ня будзе купляць туркменскі газ, а Газпром застанецца адзіным пастаўшыком газу.

«Пастаўкі туркменскага газу ў Беларусь не разглядаюцца, і гэтае пытаньне зьяўляецца заўчасным, - заявіў Казакоў. – Беларусь працягвае перамовы толькі з адзіным пастаўшчыком газу – Газпромам».

«Мы хацелі б дывэрсыфікаваць пастаўкі энэргарэсурсаў, і гэта ў інтарэсах любой краіны. Але сёньня і ў набліжэйшай будучыні адзіным пастаўшчыком газу ў Беларусь застанецца Газпром», - запэўніў кіраўнік Белтрансгазу.

Навошта была ўзьнятая інфармацыйная хваля пра тое, што 26 чэрвеня беларуская дэлегацыя ў Ашгабадзе вывучала магчымасьці пастаўкі туркменскага газу ў Беларусь, і хто ўваходзіў у склад дэлегацыі ад Беларусі, афіцыйныя СМІ не паведамляюць.

АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0