Сёння Лукашэнка павіншаваў кіраўніка Абхазіі Сяргея Багапша з 60-годдзем. Але Сухумі — а галоўнае, Масква — чакае іншага. Інтрыга вакол праблемы прызнання каўказскіх рэспублік закручваецца ўсё тужэй.

Напярэдадні, вярнуўшыся з Лондана, расійскі прэзідэнт найперш — ну здагадайцеся! — канечне ж, паспяшаўся дакласці пра камандзіроўку старшыні Найвышэйшай дзяржрады саюзнай дзяржавы. “Мядзведзеў паінфармаваў Лукашэнку аб выніках лонданскага саміту дваццаткі” — вынесла ў загаловак БЕЛТА.

Праўда, на сайце расійскага прэзідэнта, дзе вядзецца пахвілінная храналогія яго дзейнасці, пра гэты даклад ні слова. За 3 сакавіка зафіксавана толькі адна тэлефонная гутарка — з Нетаньяху.

Так што, магчыма, размова з беларускім калегам была кароткая. У гэтым кантэксце наводзіць на роздум фраза БЕЛТА, што

бакі “дамовіліся пра асабістыя двухбаковыя кантакты неўзабаве”. Злыя на язык каментатары ўжо зрабілі выснову: Лукашэнку выклікаюць на дыван.

Напярэдадні расійская прэса пераймалася з тае нагоды, што ў парадку дня адкрытай 2 красавіка сесіі Палаты не аказалася пытання пра Паўднёвую Асецію ды Абхазію. “Коммерсант” зліў інфу, што неўзабаве са слізкім хаўруснікам будзе сур’ёзная гаворка.

Натуральна, Лукашэнка зацікаўлены цягнуць рызіну колькі можна. Праблема ў тым, што надта хутка канчаюцца грошы.

Паспаліты люд не здагадваецца, што стаіць за эўфемізмам “удакладненне бюджэту”. Эканаміст Яраслаў Раманчук без эківокаў даводзіць: насамрэч рыхтуецца секвестр, і вельмі значны.

Ён нагадвае: паводле прынятага ў лістападзе закона, даходы кансалідаванага бюджэту мусілі скласці Br73,9 трлн., або $34,8 млрд. па “старым” курсе (да оба-на-дэвальвацыі 2 студзеня). З улікам меркаванага секвестру (афіцыйна названага “праектам удакладненага бюджэту”) даходы плануюцца ў аб’ёме Br62,8 трлн. Пры лёгка прагназаванай далейшай дэвальвацыі — эканаміст прапануе ўзяць сёлетні сярэднегадавы курс долара на узроўні Br3.300 — доларавы эквівалент даходнай часткі кансалідаванага бюджэту складзе $19 млрд.

Такім чынам, робіць выснову Раманчук, дэ-факта даходы скароцяцца на $15,8 млрд. Ледзьве не напалову! “З расходамі сітуацыя складваецца яшчэ болей драматычна: яны могуць зменшыцца аж на 17 мільярдаў долараў” — дадае эксперт.

Пакуль што гаворка аб праекце, які Сідорскі прэзентаваў 2 красавіка Лукашэнку. Нейкія лічбы могуць змяніцца, але наўрад ці істотна. Бо падціскаюць рэаліі.

Карацей, рыхтуецца найвялікшае зацягванне паясоў за ўсю эпоху Лукашэнкавага кіравання.

Крыніцы падаткаў і валютнай выручкі высыхаюць. Экспарт тавараў сёлета ўпадзе найхутчэй што на 45-50%. Застаецца прасіць пазыкі. Расія не адмовіць сабе ў задавальненні тужэй зацягнуць крэдытную пятлю. А потым пачне браць кавалкамі ўласнасці, прагназуюць незалежныя эканамісты.

Сітуацыя драматызуецца тым, што Еўропа адшпільваць грошы проста так — груба кажучы, перакупляць Лукашэнку — не збіраецца. А яе джэнтльменскі набор умоў — як сярпом па молаце. Але ж і здаваць гаспадарства Маскве не хочацца.

Што ў сухой астачы?

Лукашэнка прадоўжыць манеўраваць, стараючыся саступаць мінімум як Маскве, так і Еўразвязу. Узровень жыцця ў краіне будзе прыкметна прасядаць. Улада робіць стаўку на звычку народу трываць да апошняга. Яму будуць даводзіць, што засталося ператрываць ну самае каліва. Карацей, у духу “беларусы будуць жыць кепска, але нядоўга”.

Рэвалюцыі, на якую каторы год ілюзорна разлічвае (ці робіць выгляд, што разлічвае) тытульная апазіцыя, на даляглядзе не бачна. Незалежная сацыялогія гэта яскрава пацвярджае. Паспаліты люд трымаецца парадыгмы выжывання хто як можа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?