Фота Юліі Дарашкевіч.

Фота Юліі Дарашкевіч.

Аляксандр Лукашэнка прыняў адстаўку міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава. Афіцыйная трактоўка – па стане здароўя, паведамляе «Інтэрфакс».

Сваю пасаду Навумаў займаў ад верасня 2000 году, калі замяніў на ёй Юрыя Сівакова. Падчас працы міністрам Навумава МУС неаднаразова заплямлівала сябе ў рэпрэсіямі супраць іншадумцаў.

Адстаўка Навумава магла стаць вынікам барацьбы груповак за ўплыў у атачэнні Аляксандра Лукашэнкі.
Выглядае на тое, што перамагае тая група, якая выступае за паляпшэнне адносін з Еўрасаюзам. Уладзімір Навумаў, які падазраецца ў датычнасці да знікнення апазіцыйных палітыкаў і журналістаў, і па сённяшні дзень заставаецца ў спісе невыязных у Еўрасаюз, не вельмі прывабна глядзеўся на чале аднаго з вядучых сілавых ведамстваў.

Таксама варта адзначыць, што на мінулым тыдні ў інтэрнэце з’явіўся адкрыты ліст на імя міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава нібыта ад ягоных падначаленых. У лісце рэзка крытыкавалася праца міністра. Гэты невядома кім напісаны ліст і мог быць апошняй кропляй у абгрунтаванні адстаўкі.

Цікава, што афіцыйная трактоўка гучыць «па стане здароўя». Хаця яшчэ ў пачатку сакавіка на прэс‑канферэнцыі да Дня міліцыі Навумаў усур’ёз разважаў пра магчымасць узыходжання на Джамалунгму. Адзінае, як прызнаўся міністр, што яму замінала — гэта расследаванне справы выбуху 4 ліпеня.

У пятніцу падчас уручэння кубку чэмпіёна Беларусі па хакеі Ўладзімір Навумаў выглядаў вельмі змрочна. Напэўна, ён ужо ведаў пра будучую адстаўку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?