Прэм’ер‑міністр Беларусі паскардзіўся Аляксандру Лукашэнку на тое, што Расея дагэтуль не прыняла рашэння, каб забяспечыць роўныя ўмовы доступу да мер дзяржпадтрымкі.
У прыватнасці, не занесеныя змены ў дакумент, якім былі ўведзеныя прэферэнцыйныя папраўкі для тавараў расейскага паходжання (прэферэнцыйная папраўка пры дзяржзакупах 15%), паведамілі ў прэс‑службе беларускага кіраўніка.
Прэм’ер‑міністр паведаміў, што па завяршэнні першага квартала ў Беларусі прынялі ўсе неабходныя рашэнні па ўзаемнай дзяржаўнай падтрымцы прадпрыемстваў у рэальным сектары эканомікі.
Ён нагадаў, што ў адпаведнасці з падпісаным антыкрызісным планам сумесных дзеянняў урадаў Расейскай Федэрацыі і Беларусі вызначаныя тэрміны прыняцця канкрэтных рашэнняў па ўзаемнай дзяржпадтрымцы, а таксама рашэнні, датычныя дзяржаўных закупак, аб допуску беларускіх вытворцаў да дзяржзакупаў у Расеі, і аднаўленні лізінгавых паставак прадукцыі.
Па паведамленні прэс‑службы, Аляксандр Лукашэнка «яшчэ раз падкрэсліў, што агульны доступ на ўнутраныя рынкі дзвюх краін павінен быць на роўных умовах для суб’ектаў гаспадарання. У сувязі з гэтым ураду Беларусі было даручана актывізаваць працу з урадам Расейскай Федэрацыі па скарэйшым дасягненні ўзаемавыгадных рашэнняў па тых дамовах, якія былі выпрацаваныя на лютаўскім паседжанні Вышэйшага дзяржаўнай рады».