Сёньня ў Менску пачынаюцца рэпэтыцыі вайсковага параду да Дня незалежнасьці, які афіцыйна адзначаецца 3 ліпеня. Апроч ваеннай і сельгастэхнікі, перад усталяванымі на новым праспэкце Машэрава трыбунамі пройдуць фізкультурнікі й актывісты БРСМ, якія пакажуць тэатралізаванае і спартовае шоў. Упершыню ў калёне дэманстрантаў можна будзе заўважыць маладых маці з вазкамі, якія маюць сымбалізаваць стабільную дэмаграфічную сытуацыю ў краіне.

Сёньня ўвечары на праспэкце Машэрава ў Менску пачынаецца першая зь дзьвюх генэральных рэпетыцыяў вайсковага параду да Дня незалежнасьці (другая заплянаваная ў ноч на 30 чэрвеня). А заўтра пад дахам крытага футбольнага манэжу свае «прагоны» думаюць наладзіць актывісты БРСМ і менскія школьнікі, якія з дапамогай балёнікаў і кавалкаў тканіны будуць складаць тэматычныя кампазыцыі – перадусім, цяперашнія дзяржаўныя сымбалі.

Самай вялікай адметнасьцю шэсьця мае стаць адмыслова сфармаваная калёна маладых маці зь немаўлятамі ў вазках. З такой ініцыятывай выступіла кіраўніцтва БРСМ, і гэта знайшло падтрымку ў Менгарвыканкаме. Як сказаў начальнік упраўленьня ідэалёгіі выканкаму Генадзь Курбека, цяпер шукаюць ахвочых прайсьці з малымі пад грукат вайсковага аркестру.

(Курбека: ) «Пытаньне доўга дыскутавалася, зьявіліся пытаньні – шмат ці мінімум вазкоў пакінуць. Літаральна сёньня дыскусіі працягваліся. Канкрэтна з рэжысэрам вызначаюцца – колькі й чаго».

(Карэспандэнт: ) «Але прафэсійных актораў на гэтых ролях ня будзе?»

(Курбека: ) «Навошта тут акторы? Ды не, Год маці, таму маладыя людзі – маладыя маці, маладажоны. Задума такая. У спартовай частцы – так, там будуць прафэсіяналы. Будзе Юлія Несьцярэнка, будуць алімпійскія чэмпіёны, чэмпіёны сьвету ісьці».

А вось Ганна Мацюшэнка, маці чатырох дзяцей, перакананая: публічна рапартаваць пра шчасьлівае жыцьцё сем’яў, дзе ёсьць малыя дзеці, дачасна.

(Мацюшэнка: ) «У нас праблемы досыць глябальныя. Перадусім, у бацькоў элемэнтарна няма працы. Шматдзетную маці нікуды не бяруць, таму што глядзяць: шмат дзяцей – значыць, гэта дапамога, гэта бальнічныя і гэтак далей. Натуральна, адразу ідзе адмова. На біржу працы, канечне, бяруць, але забясьпечыць працай рэальна ніхто ня хоча. Заробак, які прыносяць нашы таты, – увогуле сьлёзы. Таму што кошты на харчы даўно прыроўненыя да эўрапейскіх, а заробак нерэальны, каб пракарміць сям’ю. Не гаворачы ўжо пра тое, каб плаціць яшчэ і камунальныя паслугі».

У часе працы ў адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі пэўным чынам меў дачыненьне да фармаваньня ідэалёгіі ў дзяржаве. Аднак адзначэньне прызначанага на 3 ліпеня Дня незалежнасьці спадар Пласкавіцкі ня зьвязвае са сьвятам сапраўднага сувэрэнітэту Беларусі.

(Пласкавіцкі: ) «Гэта можна назваць і сувэрэнітэтам. І тое, што яго нейкім чынам Лукашэнка абараняў, – таксама безумоўна. Але ці той гэта сувэрэнітэт, пра які марылі калісьці? Я думаю, што не. Нават такі прыклад: калі нехта ў грамадзкім транспарце лямантуе, і ўсе ад яго адыходзяць убок, ён у нейкім сэнсе таксама сувэрэнны. Але ж сувэрэнітэт, калі цябе не паважаюць тыя, хто навокал, а баяцца, – гэта ня той сувэрэнітэт, пра які марылі».

Ад сёньняшняга дня ідэалягічныя ўпраўленьні па ўсёй краіне абвясьцілі пра пачатак акцыі да Дня незалежнасьці. Прапагандысты заклікаюць завязваць чырвона-зялёныя стужкі на сумках, на антэнах аўтамабіляў, уплятаць іх у валасы і гэтым дэманстраваць падтрымку цяперашніх уладаў. А вось аналягічныя заклікі дэмакратычных сілаў, якія ў якасьці атрыбуту выкарыстоўваюць бел-чырвона-белыя стужкі, адразу ж прыраўноўваюцца да адміністратыўнага правапарушэньня.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0