Ноччу 7 красавіка ў Беларусі выканана трэцяя аперацыя па трансплантацыі сэрца.

Як паведаміў БелаПАН дырэктар Рэспубліканскага навукова‑практычнага цэнтра «Кардыялогія» Аляксандр Мрочак, донарскае сэрца было паспяхова перасаджана

50‑гадоваму мужчыну з дыягназам «дылатацыйная кардыяміяпатыя».

Аперацыю правяла брыгада спецыялістаў пад кіраўніцтвам вядучага хірурга Рэспубліканскага навукова‑практычнага цэнтра «Кардыялогія» прафесара Юрыя Астроўскага. Трансплантацыя была выканана на 20 хвілін хутчэй за папярэднюю такую аперацыю і завяршылася ў 6 раніцы.

Паводле слоў А.Мрочака, цяпер пацыент знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні цэнтра. Ён у свядомасці, яго стан «нармальны ў адпаведнасці з цяжкасцю перанесенай аперацыі».

Нагадаем, упершыню аперацыя па трансплантацыі сэрца ў Беларусі была выканана ноччу 12 лютага. Цяпер у лісце чакання на перасадку сэрца знаходзяцца больш як 20 чалавек, аднак, паводле ацэнак спецыялістаў, колькасць маючых патрэбу ў аперацыі значна большая. Апрача трансплантацыі сэрца, спецыялісты РНПЦ «Кардыялогія» выконваюць шэраг іншых высокатэхналагічных умяшанняў: аортакаранарнае шунціраванне на працуючым і спыненым сэрцы, аперацыі па лячэнні хранічных анеўрызм аорты і іншыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?