Сёлета ў трэці раз пройдзе фестываль музыкі і мастацтва «Be2gether». За некалькі метраў ад беларускай мяжы два дні будзе гучаць музыка розных накірункаў з розных краінаў свету.

Гэтым разам фестываль адбудзецца раней, чым звычайна, з 12 па 14 чэрвеня. Бізнэсовец Гердыюс Клімкявічус такое рашэнне тлумачыць тым, што «каманда арганізатараў таксама хацела б летам адпачыць». Болей за тое — першы месяц лета арганізатары палічылі больш зручным для актыўных людзей і моладзі, якая раз’язджаецца на ўсё лета.

Названыя першыя ўдзельнікі «Be2gether»: эмігранцкае кабарэ «Gogol Bordello», легендарны брытанскі дуэт «Touch and Go», а таксама шведы «Clawfinger».

З Беларусі пакуль дакладна вядома, што на фестываль прыедуць рок‑каралі 2008 году —«Ляпіс Трубяцкой».

Прапановы стварыць на фестывалі «Be2gether» «беларускую сцэну» пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас парыраваў меркаваннем: «Асобная сцэна для Беларусі не патрэбная. Трэба, каб Беларусь была на агульнай Еўрапейскай сцэне!»

Хоць фестываль ужо трэці раз пройдзе за 50 метраў ад беларускай мяжы пад слоганам «Музыка разбурае межы», для беларускіх наведнікаў галоўным пытаннем застаецца шэнгенская віза.

Эдмінас Багдонас пазбягае абяцанняў, але пераконвае, што гэтае пытанне вырашаецца: «Магчыма, для наведнікаў віза будзе бясплатнай. Канчатковага рашэння пакуль няма. Мы стараемся, каб для грамадзян Беларусі ўезд на тэрыторыю Еўразвязу быў як мага больш камфортным. На жаль, гэта залежыць не толькі ад нас» — кажа ён.

Сёлета афіцыйны сайт «Be2gether» будзе перакладзены і на беларускую мову, каб беларускім аматарам музыкі было зручней сачыць за апошнімі навінамі і падрыхтоўкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?