А вось такое незвычайнае графіці з'явілася на сцяне ля 2-й клінічнай бальніцы ў Траецкім, піша ajvar_m

А вось такое незвычайнае графіці з'явілася на сцяне ля 2-й клінічнай бальніцы ў Траецкім, піша ajvar_m

Павал Касцюкевіч піша пра беларускія графіці.

Паводле паліцый/міліцый усяго свету графіці — вандалізм. Насценныя малюнкі затушоўваюць, іх аўтараў ловяць і прыцягваюць да судовай адказнасці. Нават само слова graffiti у англійскай мове першапачаткова мела значэнне «публічны надпіс, для якога няма грамадскага дазволу і які збольшага непажаданы».

Тым не менш, графіці — мастацтва. Сродак, просты і даступны для самавыражэння прыватнага чалавека, а таксама для вулічнай хеўры ці палітычнага руху. Некаторыя ўзоры яго вытрымліваюць крытэры сапраўднага твору мастацтва, дарма што маюць абмежаванні і шмат калі праблематычныя з гледзішча закону.

Кожны з нас можа сказаць, што бачыў графіці, але не кожны можа пахваліцца, што бачыў графіціста.
Такая ўжо спецыфіка жанра: графіцісту мальбертам служыць сцены будынкаў. Мастацтвам займацца трэба а шарай, неспрыяльнай для вока, гадзіне, ці пагатоў у суцэльнай цемры, не заўсёды бачачы, дзе можна маляваць, а дзе — не.

І дадайце паспешлівасць, якае выдае боязь мастака быць заспетым на гарачым учынку. У адной варшаўскай краме для малявальных прыладаў

доўгі час вялікай папулярнасцю карыстаўся камплект, куды ўваходзіў набор пшыкалак з фарбай і пара красовак для бега.

1. Біся лбом аб гэту сценку

Графіці спрабавалі вытлумачыць навукоўцы розных галінаў.

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі лічыць графіці за актуальнае мастацтва, якое мае сваё поле выяўлення і багаты патэнцыял мяняць звыклую прастору. Як і ў кожным іншым відзе выяўленчага мастацтва тут ёсць свае шэдэўры і свае эпігонствы.

«Гэта мастацтва «тут і цяпер», — кажа Харэўскі.

—Тут няма гаворкі пра падрыхтоўку эскізаў і не варта надта пераймацца адсутнасцю прафесійнай мастакоўскай адукацыі: элемент рызыкі і спантаннасць дадаюць яму непаўторнасці. У дадатак сам малюнак разумее вельмі малы сектар насельніцтва: большасць аўтараў вулічнага мастацтва апелюе да сваіх, не заўсёды зразумелых шырокай публіцы, культурных кодаў, але менавіта ў гэтым каштоўнасць графіці, яго цымус». Графіці ўтрымлівае форму і лінію, колер, нават подпіс і асабісты стыль мастака.

Насуперак пашыранаму меркаванню, сапраўдныя мастакі‑графіцісты не размалёўваюць бажніцы, будынкі ў цэнтры гораду,

— ім там па‑просту няма дзе разгарнуцца, а таму ім больш даспадобы шэрыя будынкі прамзонаў і ўскраін.

Мастацтва графіці, як і ўсякае іншае мастацтва развіваецца, у некаторых напрамках рушыцца ад простага да складанага, робіць унёсак у агульналюдскую культуру. На думку прафесійных каліграфаў, знакамітыя «надзіманыя» шрыфты, а таксама шрыфт, калі абрыс літары зроблены адным колерам, а запаўненне — іншым прыдумалі менавіта графіцісты.

Спрабуюць вытлумачыць феномен мастацтва графіці і прадстаўнікі іншых дысцыплін. Амерыканскія навукоўцы, аўтары гендэрных доследаў Брунер і Келса напрыклад, прааналізаваўшы надпісы ў прыбіральні, якія таксама прылічваюцца да графіці, прыйшлі да высновы, што паводле надпісаў можна шмат чаго выясніць пра адрозненні ў мысленні мужчынаў і жанчынаў.

Калі жанчыны на сценах і дзвярах прыбіральні вядуць своеасаблівы дыялог, калі адна наведніца актыўна рэагуе на надпісы другой, раіцца, вагаецца, дык у мужчынаў як правіла клазетныя надпісы і малюнкі з’яўляюцца ў форме катэгарычных сцверджанняў, заяваў, якія падкрэсліваюць самасць і аўтарытэт таго, хто піша. А гэта, як кажуць Брунер і Келса — яскравае сведчанне пра стыль паводзінаў, уласцівы мужчынам і жанчынам, а таксама выразна кажа пра размеркаванне сацыяльных роляў у самім грамадстве.

Сацыёлагі і антраполагі ж бачаць у графіці адметны спосаб некаторых катэгорыяў насельніцтва «размаўляць» з грамадствам, спосаб, дзе ананімнасць дазваляе аўтарам разняволіцца і шчыра выказаць пра свае памкненні і цяжкасці, ператвараючы насценны малюнак у своеасаблівы калектыўны «крык душы».

Дыяна Луцата, доктар сацыялогіі з рымскага універсітэту, якая вывучае графіці ўсё жыццё, лічыць, што насценныя надпісы і малюнкі — сімвал занядбанасці маладога пакалення ў сучасным грамадстве. Малюнкі, зробленыя падлеткамі ці маладзёнамі, што ўзнікаюць на закінутых даўгабудах або на зацішных гаражных гарадках, як бы кажуць: «глядзіце, мы самі гаротныя, як гэтыя развалюхі, на якіх мы напісалі свае графіці». Таму мэсідж, пасланне, графіці — самота пакалення і сацыяльная закінутасць. А меланхалічныя, часта суіцыдальныя сюжэты — адлюстраванне псіхалагічнага стану маладняка.

2. Хочам новага

Пратэст, правакацыя, заклік, заява пэўнымі палітычнымі групамі ўласных мэтаў— яшчэ адзін аспект графіці. Добры прыклад — берлінскі мур, размаляваны ў свой час заклікамі да яднання Нямеччыны.

У Нью‑Ёрку ў 80‑х гадах мясцовыя банды адмысловым графіці пазначалі межы тэрыторыі свайго ўплыву. У Беларусі, дзе абмеркаванне грамадскіх і палітычных праблем выціснутае на кухні, сцены дамоў часта служаць выказванню нязгоды ці зласмешнай крытыкі на адрас дзейнай улады.

Сама гісторыя сучаснага графіці вядзецца з раёнаў беднаты Нью‑Ёрку,
таксама пачалася як пратэст супраць паноўнай культуры і як выклік існуючым у грамадстве і мастацтве нормам.

А яшчэ графіці ўпадабалі субкультурныя групоўкі, такіх як футбольныя аматары. Спаборнічаючы, хто красамоўней прызнаецца ў любові да сваёй роднай каманды, заўзятары ператвараюць сцены будынкаў у моле моўнае бітвы. Паверх лозунга «Тарпеда — заўжды разам. Толькі чорна‑белы» іншай рукой намалявана шыбеніца з сімвалічна павешанай літарай «Т».

3. Жыве Віктар Цой

Гарадскія службы і праваахоўныя органы не могуць ігнараваць такі від выяўленчага мастацтва як графіці і выпрацоўваюць эфектыўныя спосабы змагання з ім. Першы — банальна знішчыць насценныя малюнкі. У гэтым Беларусь не першая і не апошняя, але маем спецыфіку: найхутчэй знікаюць лозунгі і малюнкі беларускага нацыянальнага і антылукашэнкаўскага зместу, не так шпарка зафарбоўваюцца сімволіка скрайне нацыяналістычных арганізацыяў і размаітыя варыяцыі свастыкі, яшчэ больш пашэнціла абстрактным, не абцяжараным палітычным пасылам, малюнкам: іх знішчаюць досыць неперыядычна і не спрэс.

Маецца і іншы метад змагання з графіцістамі — прыручыць «пустазелле ад мастацтва».

Колісь беларуская чыгунка, наняўшы графіцістаў, нават спрабавала расфарбаваць свае вагоны‑гасцініцы.
Нічым мастацкім гэта не скончылася. Усё сышло да звычайнай, прэснай афармілаўкі: грыбочкі і дзяды‑марозы.

Сяргей Харэўскі кажа: «Графіці — мастацтва спантаннае і рызыкоўнае.

Як хочаш задушыць графіці, дык трэба вывесці яго з падполля.
Спробы даць «правільныя» сценкі і «правільныя» тэмы напрасткі прывядуць да зніштажэння графіці як адметнага спосаба выяўлення». Вось як упакорылі стыхію вулічнага мастацтва ў Раўбічах:

Яшчэ звесці графіці на пшык можна гэтак: сцяну, якая шмат гадоў служылі вулічным мастакам палатном, замалёўваюць нейтральнымі банальнасцямі ( як у гэтым выпадку, навагодняй тэматыкай):

Чацвёрты спосаб знішчыць графіці — гэта ўвекавечыць яго. Яскравы прыклад — сцяна памяці Цоя, што цягам дзевятнаццаці гадоў стаяла ў цэнтры Менску. На думку Харэўскага сцяна, што спярша выклікала адно станоўчыя эмоцыі і адчувалася як эстэтычная каштоўнасць, у апошнія гады глядзелася як недарэчны анахранізм, пры выглядзе якой маладзейшыя менчукі толькі няўцямна паціскалі плячыма.

Але графіці ўсё ж пакрысе прашываецца ў галоўнае рэчышча культуры, мэйнстрым, і нават праточваецца ў наш побыт. У Сеціве рэдка, але ўжо можна сустрэць абвестку мастака‑графіціста, які прапануе свае паслугі. Шмат людзей хочуць бачыць асобныя элементы графіці ў інтэр’еры сваіх кватэраў. З’яўляюцца кнігі па тэхніцы і нават спецыялізаваныя курсы для будучых мастакоў‑графіцістаў.

У Менску ёсць клуб «Графіці», сценкі якога спісаныя малюнкамі ў вулічным стылі. Ян Бусел, гаспадар «Графіці», кажа, што калі ў памяшканні клубу рабілі аздабленчыя працы, дык задума, канцэпцыя афармлення, была прыўнесці ў клуб вулічную культуру. «Сучасная вуліца ператварылася ў пляцоўку для выяўлення сябе, для праяваў шчырай творчасці, — кажа Ян. — Мы абралі менавіта графіці, бо яно пайшло менавіта з вуліцы».

Ці зможа графіці, захаваўшы адметнасць і бунтарскі дух, кінуць свае шчыраванні на партызанскай ніве і захапіць новыя тэрыторыі для свайго выўлення? Ці паўторыць яно шлях рэп‑культуры, якая ў 80‑х гадах прымалася як хуліганска‑альтэрнатыўная, а ўжо ў 90‑х паспяхова акупавала цалкам рэспектабельнае МТV?

Павал Касцюкевіч

Адныя з самых цікавых менскіх графіці знаходзяцца ў закінутым шматпавярховым недабудаваным гаражы на вуліцы Батанічная (побач з гаражамі "хуткай дапамогі") і ля кортаў у Севастопальскім скверы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0