Міжнародны валютны фонд прагназуе сур’ёзныя выпрабаванні для беларускай эканомікі, звязаныя з пагашэннем узятых фінансавых забавязанняў: у 2009 годзе Беларусі спатрэбіцца 10,7 мільярдаў даляраў крэдытаў.

Як піша «БДГ», у Мемарандуме аб эканамічнай і фінансавай палітыцы, у якім беларускі ўрад тлумачыць мэтазгоднасць прыцягнення сродкаў МВФ, гаворыцца пра тое, што ў 2009 годзе Беларусь не чакае істотных вынікаў ад працэсу лібералізацыі эканомікі. На думку ўраду, працэс лібералізацыі ў 2009 годзе яшчэ не дазволіць дасягнуць адчувальнага прагрэсу ў прыцягненні ў краіну замежных інвестыцыяў.

«Нягледзячы на нашы высілкі па лібералізацыі эканомікі і прыцягненні прамых замежных інвестыцыяў, мы не чакаем у 2009 годзе істотнага прагрэсу ў нашым доступе да замежнага фінансавання», — гаворыцца ў Мемарандуме аб эканамічнай і фінансавай палітыцы, які падрыхтаваў беларускі ўрад.

У Мемарандуме аб эканамічнай і фінансавай палітыцы беларускі ўрад абяцае ў 2009 годзе зрабіць крокі ў бок паляпшэння бізнэс-клімату.

«Мы таксама настроеныя павялічыць вобласць для дзейнасці прыватнага сектару, адкрыць эканоміку для замежных інвестыцыяў і палепшыць дзелавы клімат», — адзначаецца ў дакуменце.

Для выканання вышэй названых задачаў беларускі ўрад у 2009 годзе мае намер зніжаць для бізнэсу падатковы цяжар, скарачаць кантроль за вытворчымі прадпрыемствамі, а таксама паскорыць прыватызацыю. Беларускія ўлады пагадзіліся, што лібералізацыя павінна быць прыярытэтам эканамічнай палітыкі краіны.

«Беларускія ўлады і фонд пагадзіліся, што эканамічная лібералізацыя павінна стаць прыярытэтам», — гаворыцца ў Мемарандуме аб узаемаразуменнні беларускага ўраду і МВФ. У дакуменце таксама адзначаецца, што беларускія ўлады пагадзіліся павышаць ролю прыватнага бізнэсу ў краіне.

МВФ чакае, што наперадзе Беларусь чакаюць даволі сур’ёзныя выпрабаванні, звязаныя з пагашэннем узятых фінансавых забавязанняў. Паводле ацэнак фонду, Беларусь «сутыкнецца з вялікімі патрэбамі ў фінансаванні». Ужо ў 2009-м, паводле ацэнак фонду, Беларусі спатрэбіцца 10,7 млрд даляраў. Такую лічбу фонд вывеў на падставе патрэбы Беларусі ў энергарэсурсах і неабходнасці пагашаць замежную запазычанасць за мінулыя гады.

Нагадаем, што выканаўчая рада дырэктараў МВФ 12 студзеня ўхваліла вылучэнне Беларусі крэдыту ў памеры 2,46 млрд даляраў. Сродкі, як чакаецца, будуць паступаць у Беларусі некалькімі траншамі. Першая транша ў памеры 788 млн даляраў у Беларусь паступіў у студзені. Чакаецца, што другая транша паступіць у Беларусь да 15 мая. У выпадку, калі беларускаму боку ўдасца выканаць патрабаванні фонду, трэцяя транша надыдзе да 15 жніўня, чацвертая — да 15 лістапада. Апошнюю, пятую траншу, МВФ мае намер накіраваць у Беларусь да 15 лютага 2010 году.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?