60 млн рублёў павінна выплаціць ЗАТ «БелКП-Прэс» – выдавец «Комсомольской правды» в Белоруссии» – старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандру Шпілеўскаму. На гэтую суму Савецкі суд ацаніў маральныя страты чыноўніка. Калясальнай абразай Аляксандар Шпілеўскі палічыў разьмяшчэньне свайго фота пад цытатай зь Мікалая Шпілеўскага – агента вядомага футбаліста А.Глеба. Гэтую тэхнічную памылку ў рэдакцыі заўважылі пасьля выхаду нумара і адразу прынесьлі вусныя прабачэньні. У наступным выхадзе кіраўніцтва надрукавала афіцыйныя прабачэньні абодвум фігурантам і чытачам. У адрозьненьне ад агента футбаліста, чыноўніка гэта не задаволіла.

Супрацоўнікі газэты ня схільныя палітызаваць сытуацыю. «Проста ў нашай краіне гонар чыноўнікаў каштуе даражэй за простых грамадзянаў у разы, – зазначыў намесьнік галоўнага рэдактара Віктар Малішэўскі. – Паводле зьвестак Таварыства абароны правоў спажыўцоў, самы вялікі задаволены пазоў супраць прадстаўнікоў дзяржаўных установаў – 1 мільён рублёў. Мы гэта яшчэ добра прааналізуем і адсочым, куды ён выдаткуе гэтыя грошы».

Аднак староньняму назіральніку цяжка паверыць у непалітычнасьць рашэньня. Такая вялізная сума за дробязную недарэчнасьць? Нагадаем, што акурат судовыя штрафы былі дзейсным інструмэнтам здушэньня «БДГ» і «Народнай волі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?