Калі я быў малы, то Вялікдзень з’яўляўся ці не самым чакаемым сьвятам сярод вясковых дзяцей.

А ўся справа ў тым, што ў тую сьвяточную нядзелю мы, малыя дзеці, хадзілі па вёсцы з хаты ў хату, расказвалі нейкія кароткія вершыкі, а за гэта атрымоўвалі прысмакі і каляровыя фарбаваныя яйкі. Асабіста я не асабліва шчыраваў у гэтым занятку і абмяжоўваўся толькі сваёй вуліцай ды хатамі, дзе жылі сябры. Вельмі цікава было таксама адзначаць Вялікдзень на вёсцы ў бабулі. І хоць там мала хто мяне з сястрой ведаў, але паўнюткія торбы пірагоў, цукерак і яек былі забясьпечаныя. Дзеці, якія хадзілі па вёсцы ў пошуках смакоцьцяў, называліся жакамі(націск на першы склад). А ўвесь працэс мы клікалі ‑‑ хадзіць у жакі. Нават магу ўзгадаць адзін з вершыкаў:

    Адкрывай баба хату ‑‑ жакі прыйшлі
    Яйкі і пірагі нясі
    Не дасі нам яйка ‑‑ высахне вока
    Не дасі пірага ‑‑ засохне нага

Вядома, былі і больш лагодныя вершыкі ды нават песьні, але сьпяваць я ніколі ня ўмеў. Файныя былі часы. Спадзяюся і зараз яшчэ ходзяць па вясковых вуліцах чародкі дзяцей з торбамі. І яшчэ больш спадзяюся, што зьбіраюць яны ня сьнікерсы з чупа‑чупсамі.

Васёлых вам сьвятаў.

pilecki.livejournal.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0