Інтэрнэт-партал Тузін Гітоў і грамадзкая кампанія Будзьма беларусамі пачалі музычны праект «Тузін. Перазагрузка». Айчынныя небеларускамоўныя выканаўцы розных стыляў запішуць свае хіты па-беларуску.

Згоду на ўдзел у праекце далі музыкі Hair Peace Salon. Гэта адна з самых цікавых інды-рок-камандаў Беларусі, якая ад моманту свайго заснавання ў 1998 годзе карысталася ў сваіх песнях выключна англійскай мовай. “Ідэя заспяваць па-беларуску завабіла нас тым, што гэта абсалютна новы віток у нашай творчасьці, які можа прыцягнуць большую колькасць слухачоў. Мяркуем, што нас абавязкова падтрымаюць нашы ранейшыя прыхільнікі”, -- кажуць музыкі.

Гэты гурт адрозніваецца надзвычай грунтоўным падыходам да сваёй творчасьці. Летась яны справілі сваё 10-годзьдзе, але ў слухацкай свядомасці працягваюць асацыявацца з “маладымі і яскравымі дэбютантамі”. Перад тым, як даць свой першы канцэрт, Hair Peace Salon рэпетавалі ажно чатыры гады. Над першым сынглам працавалі цягам трох год, а поўнавартасны альбом пішуць дагэтуль. Пры тым маральным і матэрыяльным унёску, іх апошняе калекцыйнае выданьне EP «In Tune» можна набыць па дэмакратычнай цане – 5 000 рублёў. “Мы прапануем наш дыск тым, хто любіць усялякія каробачкі, каляровыя дыскі, картоннныя буклецікі, але самае галоўнае наш гурт”, -- вядзецца ў рэкляме іх самотніка. На самой справе сваё пакліканьне музыкі бачаць куды ў больш сур’ёзных рэчах – зламаць стэрэатыпы разумення папулярнай культуры, якія абмяжоўваюць духоўную свабоду.

Hair Peace Salon можна назваць адвечнымі фіналістамі. Яны былі лаўрэатамі ці спыняліся ў кроку ад перамогі на такіх фэстах, як The Global Battle Of the Bands, Bandscan:Belarus, “Рок-Каранацыя”, “Залатая акустыка” ды іншыя. Свой стыль яны вызначаюць, як брытанскі інды-рок, а таму і пяюць ужо 11 год толькі па-англійску.

Для свайго беларускамоўнага дэбюта яны вырашылі прапанаваць песню, што ў арыгінале завецца «Ice Age». Галоўныя крэтэрыі выбару – яна мае мелодыю і моц, таму яе вельмі лёгка граць. “Сэнс гэтай песні ў тым, што кожны з нас у жыцці сутыкаецца зь “ледавіковым” перыядам, калі зусім анічога не цешыць. Ён падаецца бясконцым, але раней ці пазней мае перапыніцца, калі трымацца сваёй мэты і праўды”, -- кажуць музыкі.

Пераасэнсоўваць на беларускі лад «Ice Age» узяўся літаратар Віталь Воранаў, які пераклаў на беларускую такія творы, як «У чаканьні Гадо» Бекета і «Віня-Пых» Мілна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?