«Я — уваскрасенне і жыццё».
    Ян 11, 25

Не верыць у змёртвыхпаўстанне Хрыста — гэта значыць жыць так, як быццам крыж з’яўляецца канцом усяго, быццам жыццё Хрыста і Яго крыжовая ахвяра былі безнадзейным крахам, дарэмным і абсурдным паражэннем. Так жыць — гэта значыць «не паверыць у змёртвыхпаўстанне». Гэта значыць «заставацца ў магіле» ўжо тут, у гэтым жыцці, не ўваходзячы ў паўнату жыцця, якое Хрыстус адкрыў сваёю перамогаю над смерцю.

Сама гэтая падзея адбываецца нябачным чынам, без сведкаў — у пасхальным гімне Exsultet спяваецца, што толькі ноч «была годнаю ведаць час і гадзіну», — але падзея гэтая павінна прысутнічаць у гісторыі праз сведчанне тых, хто бачыў уваскрослага Хрыста і размаўляў з Ім.

Дару, большага за дар веры ў змёртвыхпаўстанне, Бог, хіба што, не дасць нам у нашым зямным жыцці.

Пустая грабніца, а перадусім аб’яўленні Хрыста, становяцца пераканаўчымі доказамі ўваскрасення. І не важна, як гэта адбылося з пункту гледжання самога працэсу, бо нашмат важнейшая наша вера ў рэальнасць уваскрасення. Для апосталаў і вучняў Езуса гэта было настолькі відавочна, што тая падзея перамяніла ўсё іх жыццё, ажно да мучаніцкай смерці.

Вучні Езуса, кажучы пра тое, што з’яўляюцца сведкамі Уваскрослага, зусім не сцвярджалі, што бачылі, як Ён жывым выйшаў з грабніцы, у якой спачывала Яго ўкрыжаванае тры дні таму цела. Яны толькі сведчылі, што пасля гэтых трагічных падзеяў шмат разоў бачылі Яго, напоўненага паўнатою жыцця. Таму, у адпаведнасці з фактамі, называлі сябе сведкамі Уваскрослага, а не ўваскрасення.

Езус застаўся сабою, нягледзячы на незвычайнае перамяненне, якое адбылося ў Ім пасля ўваскрасення, і застанецца такім навекі.

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас генеральнай аўдыенцыі на Вялікдзень мінулага года вельмі змястоўна гаворыць пра ўваскрасенне Хрыста як пра заўсёды жывую падзею: ««Et resurrexit tertia die, secundum Scripturas — на трэці дзень уваскрос паводле Пісання« — кожную нядзелю ў сімвале веры мы паўтараем нашае вызнанне веры ў змёртвыхпаўстанне Хрыста, неверагодную падзею, якая з’яўляецца цэнтральным пунктам хрысціянства.

У Касцёле ўсё можна зразумець, калі сыходзіць з гэтай вялікай таямніцы, якая змяніла хаду гісторыі і становіцца актуальнаю ў кожнай эўхарыстычнай цэлебрацыі.
Аднак існуе літургічны перыяд, калі гэтая цэнтральная рэальнасць хрысціянскай веры ва ўсёй паўнаце свайго дактрынальнага багацця і невычэрпнай рэчаіснасці падаецца вернікам яшчэ больш інтэнсіўна, каб яны ўсё больш яе адкрывалі і ўсё глыбей перажывалі — гэта Велікодны перыяд.

Штогод у «найсвяцейшы трыдуум Хрыста ўкрыжаванага, памерлага і ўваскрослага«, як называе яго святы Аўгустын, Касцёл у атмасферы малітвы і пакаяння праходзіць апошнія этапы зямнога жыцця Езуса: асуджэнне Яго на смерць, крыжовы шлях на Кальварыю, Ягоную ахвяру дзеля нашага збаўлення, пахаванне Яго ў грабніцы. «На трэці дзень« Касцёл нарэшце перажывае Яго ўваскрасенне: менавіта гэта і ёсць Пасха — пераход Езуса ад смерці да жыцця, у якім цалкам спаўняюцца старажытныя прароцтвы. Уся літургія Велікоднага перыяду праслаўляе пэўнасць і радасць уваскрасення Хрыста.

Мы павінны няспынна аднаўляць нашу еднасць з Хрыстом, які дзеля нас памёр і ўваскрос: Яго Пасха — гэта таксама і наша Пасха, бо ў Хрысце ўваскрослым мы атрымалі ўпэўненасць у нашым уваскрашэнні. Вестка пра Яго паўстанне з памерлых не старэе, і Езус заўсёды жывы, як жывое Яго Евангелле. «Вера хрысціянаў, — адначае святы Аўгустын, — гэта ўваскрасенне Хрыста«. Дзеі Апосталаў выразна гавораць пра гэта: «Бог даў пэўнасць усім, уваскрасіўшы Яго з мёртвых« (Дз 17, 31). Адной толькі смерці было недастаткова для таго, каб пацвердзіць, што Езус — сапраўды Божы Сын, чаканы Месія.

У гісторыі было шмат тых, хто прысвяціў сваё жыццё справядлівай справе, памёр і застаўся памерлым. Смерць Пана з’яўляецца доказам велізарнай любові, якою Ён палюбіў нас ажно да ахвяравання сябе самога за нас, аднак толькі Яго ўваскрасенне з’яўляецца «пэўным доказам«, упэўненасцю ў тым, што ўсё, сказанае Ім, — праўда, якая датычыцца таксама і нас, на ўсе часы. Уваскрашаючы Хрыста, Айцец праславіў Яго. Святы Павел піша ў Пасланні да Рымлянаў: «Калі ты вуснамі сваімі будзеш вызнаваць, што Езус ёсць Панам, і ў сэрцы сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеш збаўлены« (Рым 10, 9)».

Але той самы святы Павел у Пасланні да Карынцянаў кажа: «Калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведванне нашае, і вера ваша марная» (1 Кар 15, 14). Але Ён уваскрос! Вестка, якую мы няспынна чуем у гэтыя велікодныя дні, гучыць менавіта так: Хрыстус уваскрос. І вестка гэтая, што перадаецца з пакалення ў пакаленне, дасягнула таксама да нас і штогод гучыць на Вялікдзень са штораз новаю сілаю.

Дарагія мае вернікі Пінскай дыяцэзіі! У гэтыя радасныя Велікодныя святы я хачу скіраваць вам мае пажаданні, што сыходзяць з глыбіні сэрца, падмацаваныя пастырскім благаслаўленнем: няхай Той, хто праз сваё змёртвыхпаўстанне умацоўвае нашую веру і дае надзею на нашае ўваскрашэнне, спашле нам усім шчодрыя ласкі. Аллелюя!

Кардынал Казімір Свёнтэк, Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі

catholic.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0