У чацвер Анарыну Раманцэвіч з рэанімацыі перавялі ў асобную палату дзіцячай хірургіі, прызначылі лячэбную фізкультуру і масаж. У 14-гадовай дзяўчыны цяжкія траўмы чэрапа і хрыбта. З ёй па чарзе знаходзяцца маці і бацька. Да Анарыны ўжо прыходзілі следчы і пракурор. Аднак паказанняў яна не дала, бо яшчэ не да канца прыйшла ў прытомасць.
Абставіны здарэння ў горадзе Ліда вельмі цьмяныя. 31 сакавіка Анарына Раманцэвіч выпала з акна кватэры на пятым паверсе, дзе са сваімі сябрамі святкавала пачатак школьных канікул. Бацькі дзяўчыны адразу падалі заяву ў міліцыю. Яны не вераць, што іх дачка захацела скончыць жыццё самагубствам.
2 красавіка раённая пракуратура пачала расследаваць гэта здарэнне. Паводле kp.by, распрацоўваюцца тры версіі: з акна Анарына выскачыла сама, яе выкінулі наўмысна альбо падлеткі свавольнічалі і не змаглі ўтрымаць сваю сяброўку. Пра ход дазнання следчыя не паведамляюць. Крымінальная справа не ўзбуджана.
Бацьку дзяўчыны Язэпу Раманцэвічу ўдалося даведацца пра колькасць прысутных на той злашчаснай вечарыне. Разам з Анарынай там былі 2 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі. Сп. Раманцэвіч дапускае, што некаторых падлеткаў могуць прыкрываць уплывовыя сваякі. Маці аднаго з хлопцаў працуе ў гарвыканкаме.