Устаноўчы з’езд Партыі свабоды і прагрэсу (ПСП) адбудзецца 18 красавіка ў Магілёве. Пра гэта паведаміў БелаПАН лідэр аргкамітэта па стварэнні партыі Уладзімір Навасяд.

Планавалася, што ўстаноўчы з’езд пройдзе ў Мінску, аднак аргкамітэту не ўдалося атрымаць дазвол на выдзяленне неабходнага памяшкання. «Мы падавалі заяўкі прыкладна ў 30 арганізацый Мінска і іншых гарадоў Беларусі, аднак ніводная з іх задаволена не была. Давялося выкарыстаць запасны варыянт з памяшканнем, хаця хацелі правесці з’езд у спецыяльна выдзеленым месцы», — паведаміў У.Навасяд.

Пасля з’езда прадстаўнікі аргкамітэта ў чацвёрты раз паспрабуюць зарэгістраваць партыю ў Міністэрстве юстыцыі.

Першы ўстаноўчы з’езд ПСП адбыўся ў лістападзе 2003 года.
Згодна з праграмнымі дакументамі, партыя ставіла на мэце «прасоўванне ў грамадскай свядомасці каштоўнасцей дэмакратыі і лібералізму, развіццё дэмакратычных ліберальных рэформ, садзеянне зацвярджэнню ў Беларусі грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай прававой дзяржавы, рэалізацыю канстытуцыйных прынцыпаў і развіццё мясцовага самакіравання». Мінюст адмовіў у рэгістрацыі ПСП з‑за выяўленых ва ўстаноўчых дакументах неадпаведнасцей дзейнаму заканадаўству.

Паўторна У.Навасяд спрабаваў зарэгістраваць партыю ў чэрвені 2004 года. У рэгістрацыі было адмоўлена з прычыны парушэння парадку яе стварэння.

Безвыніковай была і трэцяя спроба рэгістрацыі, зробленая ў маі 2005 года. Падставай для адмовы сталі выяўленыя Мінюстам неадпаведнасці ў пратаколах па вылучэнні дэлегатаў на ўстаноўчы з’езд, а таксама прызнанне 45 подпісаў заснавальнікаў несапраўднымі.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0