Пэўны час таму я атрымаў ад Уладзіміра Ляхоўскага з Мінска здымак Цімафея Хведашчэні ў «балахоўскім» мундзіры і фуражцы з выявай чэрапа і скрыжаванымі мячамі. Здымак маладога, прыгожага беларускага ваякі безупынна прыцягваў мае вочы, не даваў мне спакою. Я проста мусіў напісаць пра гэтага незвычайнага чалавека, якога помняць яшчэ белавежскія старажылы.

Цімафей Хведашчэня (у некаторых крыніцах — Федасеня) — гэта адзін з тысячаў беларусаў, якія цвёрда змагаліся за сваю дзяржаву, але якім лёс не дазволіў ні дасягнуць гэтай мэты, ні наладзіць жыцця на меру сваіх здольнасцяў.

Нарадзіўся ён ў 1897 г. у вёсцы Заравічы пад Лунінцам. У 1916 г. скончыў шосты клас гімназіі ў Слуцку. У гэтым жа годзе скончыў 6‑месячныя афіцэрскія курсы. У наступным годзе быў дэмабілізаваны з расійскай арміі, але не кідаў зброі. У снежні 1917 г. быў ужо паручнікам 1‑га беларускага пяхотнага палка ў Мінску. Гэты полк фармаваўся з дазволу бальшавіцкага галоўнакамандуючага расійскай арміі М. Крыленкі, але камандзір Заходняга фронта А. Мяснікоў загадаў ліквідаваць полк і далучыць яго жаўнераў да 289 запаснага палка.

Усё‑такі перамога бальшавікоў была часовая. Калі немцы, якія не маглі з імі дагаварыцца, рушылі на ўсход, беларускія вайскоўцы 19 лютага 1918 г. паднялі ў Мінску паўстанне і перанялі ўладу ў горадзе. Сярод паўстанцаў быў і Цімафей Хведашчэня. 20 лютага беларускія атрады былі злучаныя ў 1‑ы Мінскі Беларускі нацыянальны полк. Паручнік Хведашчэня зацвярджаў палкавыя спісы пячаткаю з выявай Пагоні (зверху) і чэрапа са скрыжаванымі касцямі (унізе). У той час гэта быў даволі распаўсюджаны сімвал, які абазначаў, што яго носьбіт будзе біцца не на жыццё, а на смерць.

На жаль, немцы не згадзіліся на фармаванне беларускай арміі, паколькі думалі аддаць Беларусь бальшавікам. Хведашчэня, відаць, вярнуўся ў родную старонку, бо ў гэтым жа самым 1918 г. апынуўся ў Пінскім батальёне Белай арміі. Але ў 1919 г. ён быў ужо камандзірам батальёна Чырвонай арміі ў Слуцку. Не адзін ён з выдатных беларускіх вайскоўцаў меў вайсковы стаж у «чырвоных». Згадаем хаця б камандзіраў чырвоных палкоў Станіслава Булак‑Балаховіча і Вячаслава Адамовіча‑старэйшага ці бальшавіцкага камісара Міколу Дзямідава.

Падчас польскага наступлення ў Беларусі на тылах савецкіх войск збройна выступілі беларускія вайскоўцы. На бок палякаў перайшоў тады згаданы ўжо Адамовіч‑старэйшы, камандзір Полацкага палка. Антыбальшавіцкі рокаш у сваім батальёне падняў і Хведашчэня, які далучыўся да 1‑га беларускага партызанскага атрада пад камандаваннем Лукаша Сяменіка. Капітан Сяменік арганізаваў паўстанне на тэрыторыі Барысаўшчыны. Выціснуты бальшавіцкай карнай экспедыцыяй, ён схаваўся ў лясах. Калі польскія войскі падышлі пад Барысаў, ён паразумеўся з іх камандаваннем і вывёў свой атрад разам з польскім 3‑ім уланскім палком на тылы бальшавікоў, што паскорыла іх адыход з Барысава. Атрад Сяменіка застаўся пасля на фронце да лістапада 1919 г.

Хведашчэня з ліпеня 1919 да лета 1920 г. служыў у Войску Польскім як супрацоўнік ІІ аддзела (выведка і контрвыведка) пры камандаванні 2‑й дывізіі (пазней 6‑й дывізіі).

Увосень 1920 г. Хведашчэня як камандзір групы мінскіх партызанскіх атрадаў падпісаў разам з В. Адамовічам‑старэйшым, старшынёй Беларускага палітычнага камітэта і, сярод іншых, Паўлам Алексюком, тэлеграму на адрас старшыні Расійскага палітычнага камітэта Барыса Савінкава і генерала Станіслава Булак‑Балаховіча: «Пакутуючы пад ігам захопнікаў‑бальшавікоў, беларускі народ кліча дапамагчы яму вызваліцца і здзейсніць запаветную мару многіх пакаленняў аб самастойнай дэмакратычнай Беларусі». 12 кастрычніка 1920 г. БПК заключыў дамову з Булак‑Балаховічам, у якой абавязаўся памагчы генералу ў арганізацыі беларускай арміі, а той узамен меў перадаць БПК цывільную ўладу на занятай сабой тэрыторыі Беларусі.

У другой палове кастрычніка Хведашчэня з’явіўся ў Слуцку, дзе вербаваў добраахвотнікаў у армію генерала Булак‑Балаховіча. У пачатку лістапада 1920 г. Хведашчэня прывёў у лагер Балаховіча атрад, які выглядаў «імпазантна з увагі на мараль і дысцыпліну» і нічым не розніўся ад рэгулярных атрадаў. Ён меў свой сцяг і нават невялікі аркестр. Атрад капітана Хведашчэні быў далучаны як Асобны Беларускі батальён (разам з кавалерыйскім узводам налічваў 700 людзей) да 2‑й Мінскай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Медарда Мікошы.

Падчас паходу генерала Булак‑Балаховіча група палкоўніка Мікошы дзейнічала на левым флангу арміі з мэтай узяць Жлобін. 10 лістапада яна вырушыла з Петрыкава, а 14‑га ўзяла Калінкавічы, праз дзень накіроўваючыся на Жлобін. 16 лістапада бальшавікі затрымалі наступ палкоўніка Мікошы пад Даманавічамі і наступнага дня прымусілі яго адступаць да Мазыра. Ноччу з 17 на 18 лістапада атрады палкоўніка Мікошы і расійскія атрады генерала Яраслаўцава пакінулі Мазыр і падаліся ў нейтральную зону. Пад канец месяца яны былі інтэрнаваныя разам з цэлай арміяй.

Капітан Хведашчэня належаў да тых, хто, падобна Міколу Дзямідаву з беластоцкім батальёнам, вырашылі не здавацца. Спярша са сваім атрадам ён падаўся ў Слуцк, дзе выступаў як камандзір Мінскага аддзела народнай дабраахвотніцкай арміі. Варожа прыняты эсэраўскім кіраўніцтвам Рады Случчыны, ён накіраваўся ў Вызну, дзе быццам бы зрабіў пагром і пагражаў рабіну павешаннем, калі не будзе аддадзены вялікі выкуп, але мусіў схавацца ад случакоў. Урэшце, калі трэба было біцца з бальшавікамі, Хведашчэня ўсё‑такі стаў афіцэрам 1‑й Слуцкай брыгады.

Пасле таго, як Брыгада скончыла баявыя дзеянні і была інтэрнаваная палякамі, Хведашчэня быў сярод тых случакоў, якія не хацелі здацца. Іван Пешка «Густалес» даў Саветам паказанні, што Хведашчэня разам з прыхільнікамі генерала Булак‑Балаховіча Арсенем Паўлюкевічам і паручнікам Мацелі, але таксама ў нечаканай кампаніі капітана Антона Борыка, які быў праціўнікам генерала (але, можа, памяняў погляды, калі быў адсунуты ад пасады шэфа штаба Слуцкай Брыгады) ды групай моладзі, сярод якой быў сярод іншых Сяргей Бусел, адступіў з Морача, апошняга апорнага пункта случакоў, у Давыд‑Гарадок. Там случакоў і балахоўцаў, якія да іх далучыліся, абяззброілі палякі. Тым не менш, Арсень Паўлюкевіч выступіў з прамовай, у якой гаварыў, што беларускія жаўнеры вызваляць Беларусь ад палякаў і бальшавікоў. Пасля іх накіравалі ў Лунінец.

У Лунінцы знаходзіўся галоўны штаб атрадаў Сялянскай партыі «Зялёнага Дуба», створанай Адамовічам‑старэйшым, якая ўвосень папярэдняга года падтрымала генерала Булак‑Балаховіча. Камандзірам ўзброеных атрадаў «Зялёнага Дуба» быў атаман Вячаслаў Адамовіч‑малодшы(псеўданім «Дзяргач»). Адным з атаманаў «Зялёнага Дуба» стаў таксама Хведашчэня (псеўданім «Вішнеўскі»; карыстаўся таксама псеўданімам «Кулеўскі»).

Каля двух з паловай тысяч случакоў, якія не хацелі быць інтэрнаванымі, стаялі ў наваколлі Нясвіжа. Сюды прыбыла таксама частка жаўнераў з батальёну Дзямідава і прыходзілі беларускія дэзертыры з Чырвонай арміі. Тут стаў дзейнічаць і Хведашчэня, які 27 снежня 1920 г. абвясціў сябе Атаманам беларускіх партызанскіх атрадаў.

У пачатку 1921 г. колькасць беларускіх жаўнераў, якія канцэнтраваліся ў наваколлі Нясвіжа, ацэньвалася ў 4 тысячы. Шмат хто з іх захаваў зброю. Гэтую масу беларускіх вайскоўцаў спрабавала арганізаваць польскае камандаванне, ствараючы з іх т. зв. рабочыя дружыны. Яны займаліся адбудовай мастоў, рамонтам дарог і т. п. працамі ў прыфрантавой зоне. На піку развіцця яны налічвалі паўтары тысячы людзей. Гэтыя дружыны служылі як база для фармавання з самых надзейных і па‑антыбальшавіцку настроеных асоб дыверсійных груп, якіх перакідалі на савецкі бок. У лютым 1921 г. камандзірам гэтых дружын быў Хведашчэня.

Поўны вырыянт артыкулу чытайце на arche.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0