Здымак з афіцыйнага сайту МТЗ-РІПА. Мікалай Рындзюк (у белым) стаў лідэрам у гонцы бамбардзіраў.
МТЗ‑РІПА, БАТЭ і жодзінскае «Тарпеда» ўзначальваюць турнірную табліцу чэмпіяната Беларусі пасля двух тураў.
Некалі Мікалай Рындзюк быў адным з найбольш перспектыўных маладых беларускіх гульцоў. У 19‑гадовым узросце ён з’ехаў з барысаўскага БАТЭ ў маскоўскі «Лакаматыў», аднак пасля гэтага кар’ера таленавітага форварда не пайшла ўверх. Рындзюк бадзяўся ў Расіі, Турцыі, Кітаі, Латвіі. І толькі ў 31‑гадовым узросце зноў вярнуўся на Радзіму.
Зрэшты, як паказалі першыя туры нацыянальнага першынства, забіваць Мікалай не развучыўся.У першым матчы ягоны дубль прынёс перамогу сталічнаму МТЗ‑РІПА ў супрацьстаянні з «Гранітам». У наступнай гульні Рындзюк зноў забіў двойчы, на гэты раз наваполацкаму «Нафтану».
Увогуле ж, сталічная каманда разграміла сваіх апанентаў з лікам 4:0. Яшчэ два галы на рахунку легіянераў — грузіна Кварацахеліі і бразільца Ледэсмы.
Чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ другі тур запар з мінімальным лікам 1:0 перамагае суперніка. На гэты раз са скрыпам выйгралі ў дэбютанта ФК «Мінск».
Сталічнае «Дынама» ж так і не змагло падабраць ключоў да брамы «Смаргоні» — 0:0. Яшчэ адна нічыя была зафіксаваная ў Брэсце. Мясцовае «Дынама» намаганнямі найлепшага нападніка першынстваў Беларусі за ўсе часы Рамана Васілюка зраўняла лік — 1:1. Такі самы лік зафіксаваны ў сустрэчы ФК «Гомель» і ФК «Віцебск».
Пакуль галоўнай нечаканасцю чэмпіянату з’яўляецца жодзінскае «Тарпэда». Клубу прагназавалі змаганне за выжыванне, а ён атрымаў ужо другую перамогу. Прычым, абедзве вікторыя былі дасягнутыя ў гасцях. На гэты раз перамаглі мікашэвіцкі «Граніт» (пакуль найбольшае расчараванне) — 3:1.
У апошнім матчы туру ў Гродна адбылося рачное дэрбі. «Нёман» супраць «Дняпра». Перамогу магілёўцам напрыканцы матча прынёс новаспечаны беларус Віталь Бондараў — 1:0.
Турнірная табліца пасля двух тураў выглядае наступным чынам: МТЗ‑РІПА, Тарпэда, БАТЭ — па 6 пунктаў, «Дынама» (Брэст), «Дынама» (Мінск) — па 4, «Нёман», «Дняпро» — па 3, «Шахцёр» — 2, «Віцебск», «Гомель», «Смаргонь», «Нафтан» — па 1, «Мінск», «Граніт» — па 0.
Найлепшы бамбардзір Мікалай Рындзюк (МТЗ‑РІПА) — 4 галы.